Літва рыхтуе нацыянальныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. «Ні на каго мы нападаць не збіраемся”. Лукашэнка анансаваў вучэнні войскаў РФ і Беларусі. Беспілотнікі і ідэалогія — што адбываецца ў беларускай адукацыі.
Літва можа ўвесці нацыянальныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі — пра гэта 14 мая паведамляе партал lrt.lt са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва BNS. Як паведамляецца, Міністэрства замежных спраў Літвы зарэгістравала адпаведныя папраўкі ў заканадаўства.
Гэты крок, як падкрэсліваецца, будзе зроблены ў выпадку, калі Еўрапейскі звяз не працягне агульныя санкцыі, уведзеныя ў адказ на поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну.
“Вільня таксама заклікае іншыя краіны ЕЗ, што мяжуюць з Расеяй і Беларуссю, узмацніць кантроль і забараніць увоз тавараў з гэтых краін праз сухапутныя шляхі, каб скараціць іх эканамічную выгаду. Прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што Літва гатовая дзейнічаць самастойна, але падкрэсліў, што агульнаеўрапейскія меры застаюцца больш эфектыўнымі. У сваю чаргу прэм’ер Гінтаутас Палуцкас адзначыў, што нацыянальныя санкцыі маюць сэнс, калі да іх далучацца і іншыя краіны рэгіёна.
Згодна з праектам МЗС, літоўскі ўрад зможа ўводзіць два віды санкцый:
Замарожванне актываў — для тых фізічных і юрыдычных асоб з Расеі і Беларусі, хто падтрымлівае вайну, парушае правы чалавека, або займаецца гібрыднай дзейнасцю супраць Літвы.
Сектаральныя абмежаванні — забарона на гандаль таварамі, тэхналогіямі і паслугамі, што могуць быць выкарыстаны для ваенных ці стратэгічных мэтаў у Расеі і Беларусі.
Праект таксама прадугледжвае магчымасць выключэнняў — напрыклад, калі сродкі патрэбныя для аплаты за прадукты, лячэнне або камунальныя паслугі, а таксама для гуманітарных і медыцынскіх патрэб.
Калі Сейм ухваліць дакумент, а ЕЗ не працягне дзеючых санкцый, нацыянальныя меры могуць уступіць у сілу ўжо ў жніўні.
З 24 лютага 2022 года Еўрапейскі звяз увёў ужо 17 пакетаў санкцый супраць Расеі, якія закранаюць як асобных людзей, так і цэлыя эканамічныя сектары”, – піша літоўскае выданне.
….
16 траўня з неанансаваным візітам у Беларусь прыбыў міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў. «У Менску яго прыняў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што яны з Уладзімірам Пуціным дамовіліся аб правядзенні сумесных ваенных вучэнняў, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі», – паведамляе DW.
“Мы сапраўды дэманструем адкрытасць, што гэтыя вучэнні нашы і носяць абарончы характар. І ні на каго мы нападаць не збіраемся, як некаторыя там думаюць. Ну, гэта іх справа. Няхай думаюць. У нас прынята рашэнне на ўзроўні прэзідэнтаў па правядзенні вучэння”, – цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі дзяржагенцтва Белта.
Ён таксама дадаў, што вучэнні могуць прайсці як у Расеі, так і на беларускіх палігонах.
За апошнія два месяцы Лукашэнка тройчы сустракаўся з Пуціным: 13 сакавіка, 29 красавіка і 8-9 траўня.
У канцы 2021 – пачатку 2022 года Расея пад выглядам удзелу ў ваенных вучэннях перакінула свае войскі на тэрыторыю Беларусі. 24 лютага 2022 года яны напалі ва Украіну.
Сустрэча Лукашэнкі з Белавусавым праходзіць у той час, калі ў Стамбуле ўпершыню з 2022 года павінны сустрэцца дэлегацыі Украіны і Расеі», – паведамляе DW.
….
Паводле свежага аналітычнага агляду iSANS, у красавіку 2025 года сістэма адукацыі Беларусі працягнула падпарадкоўвацца дзяржаўнай ідэалогіі і падрыхтоўцы да ваенна-арганізаванай будучыні. Студэнтаў пачнуць навучаць кіраванню беспілотнікамі, а ў школах з’явіцца факультатыў «Асновы кіравання квадракоптарам». Эксперты адзначаюць істотнае ўзмацненне ваеннай ідэалогіі ва ўсіх звёнах адукацыйнай сістэмы. Паралельна фіксуецца рэкардная колькасць кантактаў з расейскімі структурамі: беларускія ўніверсітэты падпісваюць новыя пагадненні аб супрацоўніцтве з установамі з Расеі.
Згодна з маніторынгам iSANS, кожная трэцяя навіна на афіцыйных інфармацыйных каналах Міністэрства адукацыі ў красавіку мела выразны ідэалагічны змест. На сайце міністэрства 9 з 25 публікацый (36%) былі звязаныя з прапагандай, а ў Telegram-канале — 51 з 152 (34%).
Апроч таго, працягваецца ціск на незалежныя адукацыйныя ініцыятывы, уводзяцца абмежаванні для рэпетытараў, узмацняецца прапаганда супраць вучобы за мяжой, асабліва ў краінах ЕЗ.
Сярод асноўных тэндэнцый у сістэме адукацыі Беларусі, зафіксаваных iSANS у сакавіку-красавіку:
узмацненне ідэалагічнага кантролю і цэнзуры, дамінаванне тэматыкі Другой сусветнай вайны ў вучэбных праграмах, мілітарызацыя адукацыйнага працэсу, рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных педагогаў, рост расейскага ўплыву ў змесце і фармаце адукацыі.
У iSANS падкрэсліваюць, што ваенна-тэхнічная падрыхтоўка цяпер — не толькі частка прафесійнай адукацыі, але і элемент ідэалагічнага кантролю і дзяржаўнай палітыкі.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка.