BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: “прыпасы” на зіму

На тэрыторыі Беларусі можа з’явіцца новая расейская зброя. Мігрантаў будуць адпраўляць з Польшчы назад у Беларусь, але ёсць некаторыя выключэнні. Ад 100 тысяч да 2,5 млн. Колькі подпісаў сабралі прэтэндэнты ў кандыдаты на выбарах-2025?

Fot. Grzegorz Dąbrowski

6 снежня падчас сустрэчы ў Менску Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі было абвешчана, што Расея паставіць Беларусі ракетны комплекс «Арэшнік». Таксама па выніках сустрэчы была падпісана дамова аб гарантыях бяспекі, якая “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны Беларусі і Расеі з прымяненнем усіх наяўных сіл і сродкаў”. Навіновая платформа Voice of America ацэньвае падобныя заявы як частку інфармацыйнай вайны.

«Такія гаворкі пра “Арэшнік”, які можа несці ядзерную зброю, гэта працяг пагроз, якія ідуць ад Лукашэнкі. У 2023 годзе ў Беларусі была дыслакаваная тактычная ядзерная зброя. Нядаўна «Арэшнік» быў выкарыстаны Расеяй супраць завода «Паўднёммаш» у Дняпры. Аднак Расея яшчэ не наладзіла масавую вытворчасць гэтага ракетнага комплексу. «Яны кажуць, што размесцяць «Арэшнік» у Беларусі ў другой палове 2025 года, але пакуль гэта – працяг пагроз ужыць ядзерную зброю, пра што ідуць размовы апошнія два гады. Ёсць здагадкі, што “Арэшнік” можа ляцець на адлегласць да 5500 кіламетраў, а яго хуткасць у 10 разоў перавышае хуткасць гуку, што абцяжарвае яго збіванне. Расейскія СМІ, услед за Пуціным, сцвярджалі, што гэта – грозная зброя, аналагаў якой у свеце няма. Заходнія ваенныя эксперты адзначалі, што насамрэч гэта – яшчэ савецкая распрацоўка, толькі крыху мадэрнізаваная. І ўдар прыйшоўся фактычна па пустых памяшканнях. Гэта значыць, запуск “Арэшніка” быў патрэбен для піяру расейскага ВПК. Непасрэдна перад гэтым Украіна нанесла ўдар заходняй зброяй па тэрыторыі Курскай вобласці. І Расеі трэба было нечым адказаць. Галоўнае, што Расея зараз даядае апошнія кавалачкі незалежнасці Беларусі. Пуцін і Лукашэнка зараз падпісалі дамовы аб адзіным энергаполі, адзінай мытні, адзінай падатковай сістэме. Гэта значыць, Пуцін планамерна даціскае Лукашэнку, а ўся ядзерная зброя — гэта “Траянскі конь”, які будзе дазваляць Расеі пры любых зменах у палітычнай сферы Беларусі, якія Расея палічыць “каляровымі рэвалюцыямі”, іх жорстка спыняць. Расея ўвядзе свае войскі, кажучы, што яна не можа дапусціць, каб ядзерная зброя патрапіла ў нечыя “нядобрыя рукі”. Так што Лукашэнка падпісаў прысуд нават не сабе, а ўсёй Беларусі»”, – мяркуе амерыканскі партал.

….

“Асоб, якія незаконна перасеклі ўсходнюю мяжу Польшчы, будуць накіроўваць назад у Беларусь. Пра гэта заявіў у Бруселі намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык (Maciej Duszczyk)”, – перадае Polskieradio.

“На наступным тыдні польскі ўрад плануе прыняць міграцыйны пакет, які, у прыватнасці, прадугледжвае прыпыненне працэдур прадастаўлення прытулку на ўсходняй мяжы. Прычынай такіх захадаў называецца выкарыстанне мігрантаў як зброі з боку Расеі і Беларусі. Аднак гэта не азначае, што Польшча зусім не будзе прымаць бежанцаў з Беларусі. Намеснік міністра падкрэсліў, што асобы з так званых уразлівых груп змогуць падаць заяву на прытулак. Да гэтых груп адносяцца цяжарныя жанчыны, дзеці, прадстаўнікі беларускай апазіцыі, асобы, якія падвяргаліся пераследу з боку рэжыму ў Мінску. – Калі назіраецца масавая спроба перасячэння мяжы, пры гэтым мігранты разбураюць інфраструктуру, знішчаюць элементы памежнага кантролю, у такой сітуацыі Польшча можа адмовіць у падачы заявы на прытулак. У сваю чаргу, асобы з уразлівых груп надалей змогуць такую заяву падаць, але толькі на памежным пераходзе. Калі яны знаходзяцца ў групе людзей, якія паводзяць сябе агрэсіўна, якія нападаюць на польскіх памежнікаў, тады гэтага права яны самі сябе пазбаўляюць. Яны не змогуць падаць заяву, і вернуцца ў Беларусь. Учора Еўрапейская камісія апублікавала рэкамендацыі па дзеяннях на ўсходняй мяжы і дазволіла Польшчы часова прыпыняць прыём заявак на прытулак у мэтах бяспекі”, – перадае Polskieradio.

….

Прэтэндэнты ў кандыдаты ў прэзідэнты на выбарах-2025 падаюць дакументы ў ЦВК для рэгістрацыі. За сітуацыяй сочыць DW.

“Першым 10 снежня дакументы ў ЦВК падаў кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў. Паводле яго слоў, ён сабраў 170 тысяч подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку свайго вылучэння. 1 снежня ЦВК Беларусі прыняў дакументы для рэгістрацыі лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча. Ён сцвярджае, што сабраў “амаль у два разы больш за неабходную колькасць подпісаў”. Таксама 11 снежня дакументы ў ЦВК перадаў старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк. Ён расказаў, што сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў. Ганна Канапацкая, якая брала ўдзел у кампаніі 2020 года, свой пакет дакументаў падала 13 снежня. “Я разумею, што памылкі непазбежныя, таму мы падалі больш за патрабаваныя 100 тыс. подпісаў”, – заявіла яна. Аб тым, што свае дакументы ў ЦВК накіраваў Аляксандр Лукашэнка, пакуль не паведамлялася. На днях кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты абвясціў, што за Лукашэнку сабраныя рэкордныя 2,5 млн подпісаў выбаршчыкаў. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года” , – перадае DW.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя