У 17-ы пакет санкцый супраць Расеі трапіў беларускі МЗКЦ. Літва падала ў Міжнародны суд ААН пазоў супраць Беларусі. The Insider раскрыў сувязь зніклай Анжалікі Мельнікавай з супрацоўнікам спецслужбаў.
Як паведамляецца спасылкай на прэс-рэліз Еўразвяза, Еўрапейскі Звяз зацвердзіў 17-ы пакет санкцый супраць Расеі. Новы раўнд уключае больш за 130 асобных абмежаванняў, скіраваных супраць расейскага ваенна-прамысловага комплексу, так званага “ценявага флоту” і яго саўдзельнікаў, а таксама кампаній з трэціх краін, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.
“ЕЗ таксама працягвае вырашаць праблему падтрымкі з боку трэціх краін, дадаўшы тры кітайскія прадпрыемствы, уключаючы дзяржаўныя, – беларускае і ізраільскае, якія пастаўляюць найважнейшыя кампаненты для расейскіх ваенных, у тым ліку для вытворчасці беспілотнікаў”, — гаворыцца ў дакуменце.
“Сярод юрыдычных асоб, на якіх распаўсюджваюцца новыя меры, апынуўся і Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ). Паводле інфармацыі, апублікаванай у афіцыйным часопісе ЕЗ, “толькі ў 2024 годзе агульны аб’ём экспарту прадпрыемства склаў 306 вагонаў ваеннай тэхнікі”, што былі пастаўлены для патрэбаў расейскага ВПК. Пастаўкі працягнуліся і ў 2025 годзе. “Такім чынам, Менскі завод колавых цягачоў здзяйсняе матэрыяльную падтрымку расейскаму ваенна-прамысловаму комплексу і ўраду Расейскай Федэрацыі, які нясе адказнасць за анэксію Крыма і дэстабілізацыю Украіны”, — адзначае DW.
….
Паводле паведамлення расейскага незалежнага выдання Meduza, урад Літвы звярнуўся ў Міжнародны суд ААН з іскам супраць Беларусі, абвінавачваючы яе ва “ўздзеянні на ЕЗ праз арганізаваны наплыў нелегальных мігрантаў”.
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе літоўскага МЗС, з 2021 года краіна сутыкнулася з «беспрэцэдэнтным ростам плыні нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі». Паводле заяваў дыпламатычнага ведамства, урад Беларусі мэтанакіравана спрыяў міграцыйнаму крызісу, у тым ліку праз павелічэнне колькасці авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу, выдачу віз, арганізацыю прыёму і дастаўку мігрантаў да мяжы з Літвой.
Meduza цытуе МЗС Літвы, якое сцвярджае, што беларускія памежныя службы “адмовіліся супрацоўнічаць” у пытаннях спынення нелегальнай міграцыі. Такія дзеянні літоўскі бок разглядае як “спробу выкарыстання міграцыі ў якасці сродку палітычнага ціску на Літву і Еўразвяз за падтрымку беларускай дэмакратыі”.
У сваім пазове Літва патрабуе поўнай кампeнсaцыі стратаў, уключаючы выдаткі на будаўніцтва загароджы на мяжы, а таксама гарантый таго, што падобныя дзеянні не паўторацца.
Meduza нагадвае, што яшчэ ў 2024 годзе Літва звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у тым ліку гвалтоўныя дэпартацыі, пераслед і іншыя формы жорсткага абыходжання.
Міграцыйны крызіс на мяжы пачаўся вясной 2021 года, калі тысячы грамадзян з краін Блізкага Усходу і Афрыкі, прыбыўшы ў Беларусь, спрабавалі трапіць у Літву і Польшчу. Тады Аляксандр Лукашэнка адкрыта заявіў, што Менск “не будзе стрымліваць” транзіт мігрантаў у Еўропу, паколькі, на яго думку, ЕЗ “развярнуў гібрыдную вайну супраць Беларусі”.
….
Паводле расследавання выдання The Insider, праведзенага сумесна з польскім часопісам Polityka і пры падтрымцы Беларускага расследавальнага цэнтра і ініцыятывы Bypol, стала вядома імя меркаванага каханка зніклай экс-спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.
Як паведамляе The Insider, ім аказаўся 32-гадовы супрацоўнік беларускіх спецслужбаў Аляксей Лабееў, які карыстаўся пашпартам на імя Аляксея Гардзеева. Паводле звестак расследвальнікаў, з 2017 года ён знаходзіцца ў шлюбе з выпускніцай БДзУ Марынай Лабеевай (у дзявоцтве Міхнавец).
Выданне сцвярджае, што Лабееў і Мельнікава разам адпачывалі на Кубе і Шры-Ланцы. «У студзені 2024 года падчас паездкі на Шры-Ланку Лабееў зрабіў ёй прапанову і падарыў пярсцёнак. Нагадаем, інфармацыя пра знікненне Анжалікі Мельнікавай з’явілася ў канцы сакавіка 2025 года. Пазней стала вядома, што яна вывела каля 150 тысяч даляраў з рахунка фонду Białoruś Liberty, якім кіравала. Фонд фінансаваў ініцыятыву “Кіберпартызаны” і Каардынацыйную раду. Як заяўляе КР 22 мая 2025 года, па-ранейшаму няма пацверджаных звестак пра яе месцазнаходжанне», – піша міжнароднае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя