Лукашэнка вызваліў Ціханоўскага: ці пачнецца новы этап у адносінах Беларусі з Захадам? Ці магчымы дыялог Беларусі і Еўразвязу: Менск пасылае сігналы, а Брусэль сумняваецца. «Тэрыторыя без тэлефона»: новы навучальны год у Беларусі пачнецца з забароны смартфонаў і прымусовай працы.

Carnegie Politika паведамляе, што 21 чэрвеня 2025 года ў Менску адбыўся візіт спецыяльнага прадстаўніка Дональда Трампа па Украіне і Расеі — Кіта Келага. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, і ў выніку сустрэчы на волю выйшлі 14 палітвязняў, у тым ліку былы кандыдат у прэзідэнты і муж Святланы Ціханоўскай — Сяргей Ціханоўскі, які правёў у зняволенні больш за пяць гадоў.
“Візіт Келага стаў магчымым дзякуючы сустрэчным інтарэсам: ЗША імкнуцца ажывіць дыпламатыю ў рэгіёне, а Лукашэнка — пазбавіцца міжнароднай ізаляцыі. Адпускаючы палітвязняў, ён дэманструе гатоўнасць да гандлю і палітычнага торгу. Вашынгтон, яшчэ да інаўгурацыі Трампа, пачаў абмяркоўваць вызваленне сваіх грамадзян з беларускай турмы. У студзені 2025 года Менск вызваліў першую амерыканку, а потым яшчэ трох, у тым ліку журналіста «Радыё Свабода». У красавіку быў вызвалены апошні амерыканскі палітвязень Юрый Зяньковіч. Ціханоўскі стаў самым гучным вызваленнем: яго арышт у 2020 годзе і наступныя дзеянні падарвалі пазіцыі Лукашэнкі і сталі каталізатарам пратэстаў. Эксперты лічаць, што яго вызваленне — не толькі жэст да ЗША, але і магчымы інструмент расколу апазіцыі ў эміграцыі. Разам з тым, Еўразвяз пакуль не гатовы пайсці на змякчэнне санкцый у адказ на гэтыя крокі. А без змены еўрапейскай пазіцыі зняцце амерыканскіх абмежаванняў не дасць Беларусі істотнай эканамічнай палёгкі. Пакуль жа, «музыка перамоў яшчэ гучыць», і Лукашэнка імкнецца атрымаць максімум з новай цікавасці Вашынгтона”, – піша міжнароднае выданне.
….
Паводле Meduza, Беларусь працягвае вызваляць палітвязняў і паказвае гатоўнасць да кантактаў з Захадам. Менск разлічвае на паступовае змякчэнне ізаляцыі, асабліва на фоне вяртання Дональда Трампа ў Белы дом і яго прагматычнага курсу на стабілізацыю адносін з Расеяй.
«Рэжым Лукашэнкі, адчуўшы сябе ўпэўнена пасля задушэння пратэстаў 2020 года, перайшоў да крокаў, якія могуць быць успрынятыя як жэсты добрай волі. Гэта, у прыватнасці, паступовае вызваленне палітвязняў і абмежаванне патоку мігрантаў да межаў ЕЗ. Беларусь таксама адкрыта дэманструе жаданне не быць васалам Расеі, і хоць кантакты з Кітаем узмацняюцца, у Менску падкрэсліваюць сваю самастойнасць — напрыклад, тым, што беларускія войскі не ўдзельнічаюць ва ўкраінскім канфлікце.
Аднак да пацяплення адносін з ЕЗ яшчэ далёка. Польша і Літва, як і раней, застаюцца непахіснымі ў сваёй пазіцыі адносна падтрымкі беларускай апазіцыі і непрымальнасці дыялогу з Менскам. Францыя і Германія гатовыя да больш гнуткага падыходу, але фактычна саступілі ініцыятыву сваім усходнееўрапейскім партнёрам. У выніку, еўрапейская палітыка застаецца інертнай і арыентуецца хутчэй на маральныя прынцыпы, чым на геапалітычны разлік.
ЗША ўжо праявілі гатоўнасць да саступак — напрыклад, праз абяцанне змякчыць санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў. Але санкцыі, звязаныя з удзелам Беларусі ў вайне супраць Украіны, застаюцца ў сіле і не разглядаюцца як прадмет перамоваў. Пры гэтым Вашынгтон паказвае інтарэс да стабілізацыі і гуманітарных крокаў — у тым ліку праз магчымасць аднавіць авіязносіны і адмену санкцый супраць «Беларуськалія».
У самой Беларусі сярод чыноўнікаў дамінуе ўстаноўка на пошук балансу: яны хочуць захаваць суверэнітэт, не страціць кантроль над унутранай палітыкай і пазбегнуць прамога ваеннай удзелу ў канфлікце. Аднак, пакуль Еўразвяз не перагледзіць свой падыход і не зробіць адрозненняў паміж Менскам і Масквой, любыя спробы дыялогу будуць асуджаныя на абмежаваны поспех», – піша расейскае незалежнае выданне.
….
Паводле дакладу iSANS, з 1 верасня 2025 года ўсе беларускія школьнікі павінны будуць пакідаць смартфоны па-за межамі школы. Новыя правілы ўводзяцца на ўзроўні ўсяго Міністэрства адукацыі і суправаджаюцца дадатковымі абмежаваннямі на знешні выгляд вучняў.
«Акрамя гэтага, згодна з рашэннем Аляксандра Лукашэнкі 2024 года, школьнікі 5–8 класаў будуць абавязаны праходзіць пяцідзённую працоўную практыку па тры ўрокі на дзень — пачынаючы з 1 чэрвеня. Практыка будзе праводзіцца як частка «патрыятычнага выхавання і прывіцця працоўных навыкаў».
МУС працягвае ўзмацненне сваёй прысутнасці ў адукацыйнай сферы: у Ельску і Лельчыцах адкрыты новыя ваенна-патрыятычныя клубы, на чарзе — Мазыр і Шклоў. Ваеннае выхаванне закранае нават дашкольнікаў — у Бабруйску, Мазыры, Віцебску і Маладзечне дзяцей у дзіцячых садках пераапраналі ў ваенную форму, вучылі маршыраваць і дазвалялі трымаць баявую зброю», – паведамляе міжнароднае выданне.
Ідэалагізацыя адукацыі ў Беларусі прадказальна працягваецца: як адзначае iSANS, кожная трэцяя навіна на афіцыйных рэсурсах Міністэрства адукацыі мае ідэалагічны змест. Асабліва гэта было заўважна ў пачатку траўня падчас святкавання Дня Перамогі і Дня дзяржаўнай сімволікі. У галіне міжнароднага супрацоўніцтва Беларусь працягвае актыўнічаць у кірунку Кітая: на базе БДУ, МДЛУ і Пекінскага ўніверсітэта замежных моў адкрыўся сумесны цэнтр гуманітарных абменаў.
Супрацоўніцтва з заходнімі краінамі, як і раней, адсутнічае.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






