BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: У несвадобным падзеннні

Літва: закрыццё мяжы з Беларуссю выклікала крызіс у лагістыцы — «Мы працуем на каго? На Беларусь?». Метэазонды з кантрабандай і закрыццё межаў: Літва ўзмацняе бяспеку пасля новых інцыдэнтаў. Беларусь — 105-я ў свеце па ўзроўні вяршэнства права.

Фота: grani.lv

Паводле BNS, пасля рашэння Літвы закрыць два памежныя пераходы з Беларуссю на беларускай тэрыторыі спынілася каля паўтары тысячы грузавікоў, паведамляе віцэ-прэзідэнт асацыяцыі перавозчыкаў Linava Алег Тарасаў. “Гэта і літоўскія перавозчыкі, і кампаніі з краін Сярэдняй Азіі — Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана. Яны там стаяць, і мы не ведаем, што з імі рабіць», — адзначыў ён. Па словах Тарасава, многія машыны сталі ў электронную чаргу задоўга да чутак пра закрыццё мяжы і запуск кантрабандных паветраных шароў. Некаторыя фуры апынуліся проста на тэрыторыі паміж пунктамі пропуску — без доступу да туалетаў, душа і прадуктаў. Урад прапанаваў перавозчыкам выкарыстоўваць пераходы праз Польшчу ці Латвію, аднак, паводле кампаній, гэта прывядзе да вялікіх фінансавых страт. Перавозчыкі лічаць, што закрыццё мяжы фактычна дапамагае рэжыму Лукашэнкі, паколькі ён атрымлівае дадатковыя даходы ад транзіту.

Чэргі на польскіх і латвійскіх пераходах ужо дасягаюць 10–14 дзён, што пагражае зрывам лагістычных ланцужкоў. Асацыяцыя Linava накіравала ўраду запыт з просьбай дазволіць вярнуць затрыманыя машыны, не адкрываючы мяжу цалкам. Перавозчыкі таксама асцерагаюцца магчымага адказу з боку Беларусі, якая можа ўвесці абмежаванні на рух літоўскіх фур, як гэта ўжо было з Польшчай.

Міністэрства транспарту таксама падкрэсліла, што закрыццё — «вымушаная мера», але для грамадзян Літвы і ўладальнікаў віду на жыхарства прадугледжаныя выключэнні. Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс прызнаў, што асобныя выпадкі з кіроўцамі з трэціх краін «будуць вырашацца індывідуальна».

….

Пасля чарговага інцыдэнту з метэазондамі, якія перасеклі літоўскую паветраную прастору, у чацвер вечарам Віленскі аэрапорт быў закрыты амаль на тры гадзіны. Паводле выдання Delfi.lt, знойдзена тры метэазонды, якія няслі кантрабанду — галоўным чынам цыгарэты. Гэта ўжо не першы падобны выпадак: з пачатку месяца паветраная прастора Літвы закрывалася некалькі разоў.

Як паведаміў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас, на радарах краіны з’явіліся больш за дзесяць падазроных аб’ектаў. Частка з іх пазней была ідэнтыфікаваная як метэазонды з кантрабандай, якія прыляталі з боку Беларусі. Паветраны рух у Вільні ў выніку быў адноўлены толькі ў 22:43.

У літоўскіх і міжнародных медыя інцыдэнты з метэазондамі ўсё часцей называюць часткай гібрыдных аперацый на мяжы з Беларуссю. Паводле экспертаў, выкарыстанне беспілотных зондаў з кантрабандай дазваляе правяраць рэакцыю сістэм супрацьпаветранай абароны і ўзмацняе інфармацыйны ціск. The Baltic Times адзначае, што падобныя выпадкі супадаюць у часе з палітычнымі рашэннямі Менска і Масквы, накіраванымі на дэстабілізацыю сітуацыі на ўсходняй мяжы ЕЗ.

У той жа час LRT.lt падкрэслівае, што «гэтая серыя інцыдэнтаў стала сімвалам новай, нетрадыцыйнай пагрозы — калі кантрабанда ператвараецца ў палітычны ціск. Інцыдэнты з метэазондамі на мяжы Літвы і Беларусі сталі не толькі пытаннем бяспекі, але і тэстам на ўстойлівасць дзяржаўных структур у рэгіёне. Як адзначае Delfi.lt, “метэазонды з кантрабандай” — сімптом больш глыбокай праблемы, калі лінія паміж эканамічнай злачыннасцю і палітычнай правакацыяй становіцца ўсё больш размытай.

….

Беларусь зноў заняла 105-е месца з 143 краін у Індэксе вяршэнства права (WJP Rule of Law Index) за 2025 год, паведамляе DW. Гэта тое ж месца, што і летась, але значна ніжэй за паказчыкі дзесяцігадовай даўніны. У 2015 годзе краіна займала 48-ю пазіцыю, пасля чаго стабільна зніжалася.
Паводле справаздачы World Justice Project (WJP), цяпер Беларусь апярэджвае толькі афрыканскі Кот-д’Івуар, а непасрэдна перад ёй у спісе знаходзіцца Кыргызстан. У тройцы суседзяў Беларусі самы высокі паказчык мае Літва — 18 месца, за ёй Латвія — 21, Польшча — 32, Украіна — 90.
Расія страціла 4,9 % балаў і апусцілася на 119 месца, паказаўшы адно з найбольш прыкметных пагаршэнняў у свеце.

Беларусь жа засталася ў ніжняй трэці рэйтынгу — побач з краінамі, дзе назіраецца глыбокі крызіс прававой сістэмы і адсутнасць незалежнага суда. Аўтарытэтныя эксперты WJP адзначаюць, што ў свеце паскараецца глабальны спад вяршэнства права. У дакладзе падкрэсліваецца, што аўтарытарныя тэндэнцыі ўзмацняюцца не толькі ў традыцыйна закрытых сістэмах, але і ў краінах, дзе раней назіралася стабільнасць прававога поля.

Першыя месцы, як і ў мінулыя гады, займаюць Данія, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя і Новая Зеландыя. Нямеччына размясцілася на шостай пазіцыі. Замыкае спіс Венесуэла, якая на працягу некалькіх гадоў застаецца апошняй па паказчыках незалежнасці суда, бяспекі грамадзян і абмежавання ўлады.

Паводле гэтых паказчыкаў, Беларусь найбольш слабая ў сферы правоў грамадзян і незалежнасці судовай сістэмы, што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю да ўзмацнення кантролю дзяржавы і згортвання палітычных свабод.

Беларускае Радыё Рацыя