Польшча — у цэнтры антызаходняй прапаганды Беларусі. Прем’ер Літвы — «Перамоў з Беларуссю не будзе». У Еўрапарламенце выслухалі Ціханоўскіх і спрачаліся пра Беларусь.

ISANS апублікаваў штомесячны агляд, паводле якога Польшча стала галоўнай мішэнню лукашэнкаўскай дзяржаўнай прапаганды ў верасні. У афіцыйных СМІ і тэлеграм-каналах улады Варшаву абвінавачвалі ў «варожых дзеяннях» і «этнацыдзе беларусаў», спасылаючыся на падзеі 1939 года. На фоне гэтых тэзісоў у Беларусі актыўна ўзмацняўся культ Асобы Лукашэнкі.
«У верасні ў Менску прапаганда выкарыстоўвала «Дзень народнага адзінства» (17 верасня) для распальвання антыпольскіх настрояў і ўзмацнення гістарычных рэвізіянісцкіх міфаў”, – паводле iSANS, дзяржаўныя медыя перапісвалі падзеі Другой сусветнай вайны, сцвярджаючы, што Польшча «знішчала беларускую ідэнтычнасць».“Асобным аб’ектам увагі стала часовае закрыццё польскіх межаў на пачатку вучэнняў «Захад-2025», што прапаганда трактавала як «агрэсію супраць Беларусі». Дадаткова, улады Менска ігнаравалі напад расейскіх беспілотнікаў на тэрыторыю Польшчы, абвінавачваючы ў інцыдэнце «ўкраінскі след» і «гістэрыю Варшавы».
Агляд адзначае, што візіт спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла і вызваленне двух груп палітвязняў пасля просьбы Дональда Трампа былі прадстаўлены лукашэнкаўскімі прапагандыстамі як «перамога Лукашэнкі. У дакладзе адзначаецца рост расчаравання ва ўладаў Беларусі праз змену рыторыкі Трампа адносна вайны ва Украіне. Тым не менш, дзяржаўныя СМІ спрабуюць ухіляць рэзкія выказванні і «падсалоджваць» вобраз амерыканскага лідара. Праеўрапейская перамога на выбарах у Малдове была ў СМІ Беларусі пададзеная як «паражэнне саюзнікаў» і чарговы крок Захаду супраць “традыцыйных каштоўнасцяў”.
Агляд iSANS падкрэслівае, што антызаходняя рыторыка Менска дасягнула максімальнай інтэнсіўнасці з 2021 года, а Польшча стала яе галоўным сымбалічным ворагам. Пры гэтым унутры краіны ўзмацняецца псіхалагічная мабілізацыя грамадства вакол фігуры Лукашэнкі і пошук знешніх «ворагаў», якія нібыта пагражаюць стабільнасці.
* * *
LRT / BNS паведамляюць, што прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінэне заявіла пра жорсткую рэакцыю ў адказ на парушэнні паветранай прасторы Літвы кантрабанднымі паветранымі шарамі, якія масава запускаюцца з тэрыторыі Беларусі. «З Беларуссю перамоў не будзе. Гэта не тая краіна, з якой можна размаўляць і дамаўляцца. Калі сусед не спыняе гэтыя дзеянні на сваёй тэрыторыі, мы павінны адказваць адпаведна», — заявіла Ругінэне ў эфіры Žinių radijas.
Паводле BNS, у ноч з аўторка на сераду ў паветраную прастору Літвы ўляцела некалькі дзесяткаў кантрабандных паветраных шароў, што прывяло да парушэння працы Віленскага аэрапорта: затрымаліся каля 30 рэйсаў, пацярпелі больш за 4 тысячы пасажыраў, часова былі закрытыя памежныя пункты ў Мядзінінкаі і Шальчынінкаі.
Ругінене падкрэсліла, што, нягледзячы на палітычныя рознагалоссі, Беларусь павінна адказна ставіцца да парушэнняў межаў. Аднак гэтая фраза выклікала крытыку з боку апазіцыі і палітолагаў, якія назвалі заяву «наіўнай» і адзначылі, што чакаць добрай волі ад Менска бессэнсоўна.
«Маё рашэнне яснае: калі бачым варожыя дзеянні і працяг кантрабанды, нашы службы будуць рэагаваць жорстка і неадкладна», — заявіла прэм’ерка, пацвярджаючы, што Літва не плануе аднаўляць дыялог з рэжымам у Беларусі. Паводле LRT, інцыдэнт з шарамі стаў новай формай гібрыднага ціску з боку Менска, накіраванага на дэстабілізацыю памежных рэгіёнаў і стварэнне хаосу ў лагістыцы.
….
DW паведамляе, што ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу адбыліся дэбаты, прысвечаныя Беларусі — пяць гадоў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пытанню будучай стратэгіі ЕЗ у дачыненні да Менска. Меркаванні дэпутатаў падзяліліся: ад заклікаў да ўзмацнення санкцый — да прапаноў «адстаць ад Беларусі».
«Упершыню ў гісторыі ў Еўрапарламенце разам выступілі Святлана і Сяргей Ціханоўскія — пяць гадоў да гэтага Святлана выходзіла на трыбуну з партрэтам зняволенага мужа. Падчас абмеркавання неаднаразова гучала «Жыве Беларусь!» — словы, якія паўтаралі многія выступоўцы. Найбольш актыўнымі былі польскія і літоўскія дэпутаты, якія падкрэслівалі неабходнасць працягваць санкцыйны ціск. У сваю чаргу, Ondřej Dostál (Чэхія) выступіў з прарасейскімі тэзісамі, абараняючы Беларусь і параўноўваючы яе з Украінай. Такія выказванні выклікалі рэзкую рэакцыю ў зале. Раса Юкнявічэне (Літва) адказала, што «беларусы, украінцы, грузіны і малдаваны змагаюцца за адну і тую ж мэту — супраць агрэсіўнай ідэалогіі “русского мира”».
У той жа дзень палітвязень Анджэй Пачобут і грузінская журналістка Мзія Амаглабелі сталі лаўрэатамі прэміі Сахарава «За свабоду думкі». Святлана Ціханоўская пачала сваё выступленне з падзякі ім і звярнулася да старшыні ЕП Роберты Метсалы: «Пяць гадоў таму вы сказалі мне: “Не здавайцеся, мы заўсёды будзем з вамі”. І вы стрымалі слова». Яна таксама падзякавала прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, але заклікала ЕЗ «заставацца цвёрдым і прынцыповым», захоўваючы санкцыі і ціск на рэжым Лукашэнкі. Выступ Сяргея Ціханоўскага меў больш жорсткі тон.
«Калі прыйшоў час, рускія прыйшлі на гэты бой, а еўрапейцы — не. З-за нерэшучасці Еўропы Беларусь засталася адна, і Масква ўсё ўзяла ў свае рукі», — заявіў ён. Ён назваў гэта стратэгічнай памылкай, якая зрабіла вайну ва Украіне «амаль непазбежнай».
«У дэмакратычнага руху Беларусі ёсць план — стаць усходнееўрапейскай Фінляндыяй. У вас ёсць інструменты і сіла, каб зрабіць гэта рэальнасцю. Не падвядзіце нас. Не так, як у мінулы раз», — звярнуўся ён да еўрадэпутатаў», – піша нямецкае выданне.
Паводле DW, дэбаты паказалі, што тэма Беларусі вяртаецца ў фокус еўрапейскай палітыкі, але з істотнымі рознагалоссямі паміж фракцыямі. Прысутнасць Сяргея і Святланы Ціханоўскіх разам стала сігналам адраджэння палітычнага тандэму, які сімвалізуе пераемнасць і вытрымку дэмакратычнага руху. Разам з тым, абмеркаванне выявіла стомленасць часткі еўрапейскіх палітыкаў і патрэбу ў новай стратэгіі падтрымкі Беларусі — паміж маральным імпульсам і палітычным рэалізмам.
Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






