BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: У вольным падзенні

ЕЗ пашырыў санкцыі супраць Беларусі з-за псеўдавыбараў Лукашэнкі. Мікалай першы: ці зможа сын Лукашэнкі стаць пераемнікам свайго бацькі ў Беларусі? Насельніцтва Беларусі скарацілася да 9,1 млн. чалавек.

“Рада ЭЗ пашырыла санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з падрывам у ёй дэмакратыі, а таксама ўнутраныя рэпрэсіі і садзейнічанне расейскай вайне супраць Украіны”, – піша міжнароднае выданне Європейська правда.

“Новыя санкцыйныя меры датычацца ў цэлым 25 фізічных і 7 юрыдычных асоб, “адказных за падрыў дэмакратыі і вяршэнства права ў Беларусі, а таксама за садзейнічанне ўнутраным рэпрэсіям, парушэнне правоў чалавека і ваеннае супрацоўніцтва з Расеяй у падтрымку вайны супраць Украіны”. У іх у прыватнасці ўвайшла Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, намеснік яе старшыні, сакратар і сябры, якія арганізавалі псеўдавыбары прэзідэнта ў лютым 2025 года. Лукашэнка прысягнуў на сёмы тэрмін з плямамі на пінжаку. Новыя санкцыі ЕЗ таксама распаўсюджаныя на дзевяць суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, у прыватнасці ў дачыненні да пратэстоўцаў супраць рэжыму Лукашэнкі, і сябраў Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Беларусі. У санкцыйным спісе таксама зараз прысутнічаюць некалькі беларускіх кампаній, звязаных з рэжымам у Менску – у прыватнасці звязанай з нямецкім ультраправым палітыкам Ёргам Дорнау ТАА “Цыбуліна-Бел”, дзе эксплуатавалі палітвязняў. У цэлым абмежавальныя меры ЕЗ супраць Беларусі, якія ўводзяцца з моманту гвалтоўнага разгону прадэмакратычных пратэстаў 2020 года, цяпер прымяняюцца да 310 фізічных і 46 юрыдычных асоб. Раней ЕЗ раскрытыкаваў Беларусь за рэпрэсіі ды іншыя парушэнні правоў чалавека, ва ўмовах якіх у краіне праходзілі так званыя парламенцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2025 года”, – піша міжнароднае выданне.

***

 “25 сакавіка ў Беларусі адбылася сёмая па ліку інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Ён знаходзіцца ва ўладзе ўжо 30 гадоў і прабудзе яшчэ мінімум пяць гадоў. Выбары ў Беларусі ў студзені 2025 года прайшлі са шматлікімі парушэннямі і не былі прызнаны ЕЗ і ЗША. Улічваючы, што выбары праходзілі без незалежных кандыдатаў, якія знаходзяцца альбо ў турмах, альбо за мяжой, апазіцыйныя палітыкі не выключаюць, што Лукашэнка можа рыхтаваць свайго сына Мікалая да перадачы ўлады”,  – піша Настоящее Время.

“Мікалай – малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Упершыню на публіцы хлопчык з’явіўся ў 2008 годзе, калі не было і чатырох гадоў. Ва ўзросце дзесяці гадоў Мікалай у складзе беларускай дэлегацыі наведаў пасяджэнне ААН. Дзевятага траўня 2015 года на парадзе ў Менску ён з’явіўся ў форме галоўнакамандуючага. У красавіку 2011 года ў метро Менска адбыўся выбух. Следчыя кваліфікавалі яго як тэракт. Праз дзве гадзіны пасля трагедыі Лукашэнка разам з дзіцем спусціўся ў падземку, дзе яшчэ заставаліся загінуўшыя. Цяпер Мікалаю Лукашэнку 20 гадоў. У эфіры дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь-1” летась расказалі, што ён студэнт Пекінскага ўніверсітэта. Першы раз Лукашэнка загаварыў пра пераемніка яшчэ ў 2007 годзе: удакладніўшы, што ні старэйшага, ні сярэдняга сына не рыхтуе сабе на замену. Менавіта яго ён вызначыў у сваёй галаве ў якасці патэнцыйнага пераемніка. Але для таго, каб чалавек заняў нейкую пасаду яго трэба да гэтай пасады падрыхтаваць. Вопыт перадачы ў такіх дзяржавах сведчыць пра  тое, што сына паступова рыхтавалі. У той самы час варта сачыць, як будзе развівацца кар’ера Мікалая Лукашэнкі. Пасля таго, як Мікалай Лукашэнка скончыць універсітэт – Кітайскі або Беларускі дзяржаўны – калі ён пойдзе па парламенцкіх усходах у сферу дзяржаўнай выканаўчай улады, то мы зможам мець больш упэўненасці, што Лукашэнка пачаў рэалізацыю гэтага плана. Пакуль ідзе грамадская падрыхтоўка. Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі паводле плана павінны прайсці ў 2030 годзе. Да таго моманту Мікалаю Лукашэнку споўніцца 26 гадоў”, – піша міжнароднае выданне.

 ***

“На 1 студзеня 2025 года насельніцтва краіны склала 9109280 чалавек, такія дадзеныя апублікаваў Белстат. За год яно зменшылася на 46,7 тысяч чалавек, а ў параўнанні з пачаткам 2020 года колькасць жыхароў Беларусі скарацілася прыкладна на 300 тысяч чалавек”, – паведамляе DW.

“Гарадское насельніцтва на 1 студзеня склала 7182690 чалавек, сельскае – 1926590 чалавек. Насельніцтва Менска на 1 студзеня склала 1996730 чалавек.

Магчыма, рэальныя лічбы – яшчэ меншыя, бо афіцыйная статыстыка ўлічвае і тых, хто жыве за мяжой, але працягвае быць зарэгістраваным у Беларусі”, – адзначае DW.

Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка