BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: усе на старт

Цягніку Вільня-Менск быць? Польшча абяцае «належны адказ» на расейскія ваенныя вучэнні ў Беларусі. «Экскурсія на Акрэсціна як пакаранне? Навошта дзяцей у РБ водзяць у турмы».

Фота: Shutterstock

Літва атрымала ад Менска прапанову аднавіць рух пасажырскіх цягнікоў праз Арганізацыю супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ), якая базуецца ў Варшаве. Аднак дарадца прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс лічыць, што пакуль казаць пра гэта заўчасна. «У сваю чаргу, эксперт па бяспецы Дарус Антанайціс лічыць, што маршрут можа быць выкарыстаны рэжымам Лукашэнкі для шпіянажу, дэстабілізацыі і атрымання эканамічнай выгады», – піша літоўскае выданне LRT.

«Прэм’ер-міністр Гінтаўтас Палуцкас у панядзелак заявіў, што Літва не будзе спяшацца з рэакцыяй на прапанову Беларусі, і яна разглядаецца ў звычайным працоўным парадку, як і любая іншая прапанова. Тым не менш, ён зазначыў, што спецслужбы Расеі і Беларусі імкнуцца ўбіць клін паміж літоўцамі і беларусамі. Па дадзеных «Літоўсіх чыгунак» (LTG), да 2020 года працягласць паездкі на цягніку да Менска складала ад 2 гадзін 30 хвілін да 3 гадзін 30 хвілін, у залежнасці ад колькасці прыпынкаў. Білет на цягнік каштаваў 16,98 еўра ў другім класе, а кошт білета першага класа дасягаў 30,08 еўра. На маршруце Вільня-Менск штодня курсіравалі па 4 цягнікі ў кожным напрамку (два цягнікі належалі «LTG Link», два іншыя — «Беларускай чыгунцы»). У 2019 годзе, апошнім поўным годзе да пандэміі COVID-19, па маршруце Вільня-Мінск-Вільня было перавезена больш за 366 тысяч пасажыраў. Аднак аднаўленне чыгуначных зносін паміж Літвой і Беларуссю ўяўляла б сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы і ўсяго Еўрасаюза, бо можа быць выкарыстана рэжымам Лукашэнкі ў рамках гібрыднай вайны — для нелегальнай міграцыі, эканамічнай падтрымкі рэжымаў, збору. Гаворка ідзе не толькі аб мінулых дзеяннях Менска, але і аб варожых аперацыях супраць краін ЕЗ, якія працягваюцца. Па словах эксперта, рэжым Лукашэнкі зацікаўлены ў атрыманні валюты ад такіх паездак. Паездкі могуць стаць каналам для збору інфармацыі. Пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Літвой і Беларуссю былі спынены ў 2020 годзе з-за пандэміі COVID-19. Да гэтага часу яно не адноўлена, нягледзячы на ​​неаднаразовыя запыты з боку Менска”, – піша літоўскае выданне.

….

Міністэрства абароны Польшчы абвясціла, што краіна і яе саюзнікі адрэагуюць «належным чынам» на будучыя сумесныя расейска-беларускія ваенныя вучэнні ў Беларусі. «Гэты адказ будзе ўключаць «маштабныя польскія і натаўскія вучэнні ў Польшчы», – падкрэслівае міжнароднае выданне The Notes from Poland.

«Кожныя чатыры гады Расея праводзіць свае ваенныя вучэнні «Захад». Апошнія такія манеўры, праведзеныя сумесна з Беларуссю ў 2021 годзе і ў якіх удзельнічала каля 200 000 вайскоўцаў, пазней былі вызначаны экспертамі як частка падрыхтоўкі Масквы да ўварвання ва Украіну ў наступным годзе.

Сёлетнія вучэнні адбудуцца ў верасні ў Беларусі, якая мяжуе з Польшчай, і будуць уключаць падрыхтоўку сіл хуткага рэагавання, выведкі і лагістычных службаў. Выступаючы ў аўторак, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў, што сёлетнія манеўры «Захад» зноў могуць быць выкарыстаны ў якасці падрыхтоўкі да «новых нападаў» з боку Расеі. «Дзе на гэты раз? Не ведаю. Украіна? Літва? Польшча? Божа барані! Але мы ўсе павінны быць гатовыя. «Польшча адкажа на вучэнні «Захад-2025», якія пройдуць у Беларусі… належным чынам з польскага боку мяжы», — заявіў у панядзелак намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык. Вучэнні «Steadfast Defender 24», пра якія згадаў Томчык, былі найбуйнейшымі ў гісторыі НАТА з часоў халоднай вайны, у іх удзельнічала больш за 90 000 вайскоўцаў. Частка з іх была праведзена на поўначы Польшчы ў рамках вучэнняў пад назвай «Цмок-24». Каля 20 000 вайскоўцаў з дзевяці краін праверылі магчымасці стрымлівання і абароны альянсу, у тым ліку вакол Сувалкскага калідора, стратэгічна важнага вузкага пункта паміж Польшчай, Літвой, Беларуссю і Расеяй. Пасля паўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе Польшча павялічыла свае абаронныя выдаткі да найвышэйшага адноснага ўзроўню ў НАТА. Яе абаронны бюджэт у гэтым годзе дасягне, паводле ацэнак, 4,7% ВУП», – піша міжнароднае выданне.

….

Школьнікам і студэнтам усё часцей арганізуюць “экскурсіі” ў СІЗА і калоніі. Праваабаронцам вядома аб наведванні падлеткамі СІЗА ў Гомелі, арыштнага дома і калоніі для рэцыдывістаў у Ваўкавыску, ізалятара на Акрэсціна ў Менску, турмаў у Гародні, Магілёве, Жодзіне. «У месцах пазбаўлення волі ім паказваюць камеры, прагулачныя дворыкі, штрафныя ізалятары», – аглядае сітуацыюDW.

«На думку праваабаронцаў, падобныя мерапрыемствы з’яўляюцца сродкам запалохвання, парушаюць права на адукацыю і на свабоду ад псіхалагічнага гвалту: “Экскурсіі выглядаюць як пакаранне, сутыкненне з рэальнасцю, дзе табе загадзя паказваюць, што будзе, напрыклад, у выпадку ажыццяўлення свайго права на свабоду выказвання меркавання”. Эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін лічыць, што “экскурсіі” ў месцы пазбаўлення волі ўкладваюцца ў стратэгію дзяржавы на мілітарызацыю адукацыі, калі “ваенна-патрыятычнае выхаванне” ўводзяць нават у дзіцячых садах. Такім чынам, на думку эксперта, улады рыхтуюць дзяцей быць гатовымі развітацца з жыццём па загадзе дзяржавы. Псіхолаг Святлана Юрцэвіч перакананая, што такія мерапрыемствы могуць нанесці сур’ёзную псіхалагічную шкоду падлеткам. Спецыяліст лічыць запалохванне неэфектыўным інструментам для прафілактыкі правапарушэнняў: “У доўгатэрміновай перспектыве яно можа садзейнічаць развіццю цынізму, адчужэння або, наадварот, рамантызацыі крымінальнага асяроддзя», – піша нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя