Польскія выбары — пад лупай беларускай прапаганды. Ад нацыянальнай сімволікі — да крымінальнай справы: за што пераследуюць Паўла Белавуса? Ціханоўская: Беларусь могуць выкарыстаць для нападу на Балтыю
У Польшчы прайшлі прэзідэнцкія выбары. У другім туры перамогу атрымаў Караль Наўроцкі — гісторык, былы кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці і вылучэнец кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць». Ён апярэдзіў свайго суперніка, мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага, менш чым на два працэнты.

Фота: Aleksander Kalka/NurPhoto/IMAGO
“Рэакцыя афіцыйнага Менска не прымусіла сябе чакаць, беларускія прапагандысцкія СМІ імгненна адрэагавалі ў звыклым ключы: «Захад — гнілы, выбары — падман, палітыкі — марыянеткі»”, – паведамляе міжнароднае выданне iSANS.
“Караля Наўроцкага называюць «трампістам», «русофобам» і нават «троянскім канём амерыканскіх неаконаў» — цытата з «СБ. Беларусь Сегодня». Таксама ён нібыта стаў прэзідэнтам дзякуючы «голасам сялян, рабочых, людзей з нізкім узроўнем адукацыі». А вось Тшаскоўскі, наадварот, атрымаў падтрымку «адукаваных гараджан» — гэта, паводле прапаганды, сведчыць пра «глыбокі падзел і крызіс польскай дзяржавы». Самі выбары характарызуюцца як «брудныя» і «маніпулятыўныя». У матэрыялах праўладных СМІ сцвярджаецца, што «ЗША і Брусель учынілі беспрэцэдэнтнае ўмяшанне» ў польскую палітыку”. Як адзначаецца ў артыкуле iSANS, для афіцыйнага Менска няма істотнай розніцы, хто перамагае — галоўнае, каб была нагода заявіць: «Нават у Еўропе ўсё пад кантролем закулісся».
Новы польскі прэзідэнт, паводле прапагандыстаў, будзе яшчэ больш варожы да Беларусі. Асобна яго крытыкуюць за «дэмантаж савецкіх помнікаў» і падтрымку «беларускага змагання».
Аднак ёсць адна рэч, якая выклікае цікаўнасць у беларускіх уладаў. Як піша iSANS, «у прапагандзе выразна адчуваецца надзея, што Наўроцкі будзе жорстка абыходзіцца з беларускімі палітэмігрантамі». З’яўляюцца заклікі «вяртацца дадому, бо ў Польшчы вам больш не будуць рады».
Што да Украіны, то ў праўладнай аналітыцы прагназуецца «ахаладжэнне адносін паміж Варшавай і Кіевам» і нават магчымы «рэванш за гістарычныя крыўды», у тым ліку — Валынскую трагедыю. На думку аналітыкаў iSANS, уся гэтая рэакцыя сведчыць: «Беларуская прапаганда вітае любы канфлікт, крызіс і раскол у Еўропе — не таму, што яна за Наўроцкага або супраць Тшаскоўскага, а таму, што Захад, у прынцыпе, — вораг».
….
У Беларусі заведзеная чарговая крымінальная справа аб здрадзе дзяржаве — гэтым разам супраць культурніцкага менеджара Паўла Белавуса, стваральніка вядомай крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by. Як паведамляюць праўладныя Telegram-каналы, яго абвінавачваюць паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Як адзначае DW, Белавуса вінавацяць не толькі ў здрадзе дзяржаве, але і ў парушэнні грамадскага парадку, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Улада сцвярджае, што ён быццам бы «прапагандаваў ідэю польскага свету» і «дапамагаў каардынаваць дзейнасць, накіраваную на гвалтоўны захоп улады».
«Паводле дадзеных праўладных крыніц, на працягу дзесяці гадоў дзейнасць Белавуса нібыта «фінансавалася арганізацыямі з Польшчы, Чэхіі і ЗША».
Нагадаем, што ў лістападзе 2021 года Паўла Белавуса затрымалі. Спачатку яго судзілі тройчы па адміністрацыйных артыкулах, а затым выстаўлялі крымінальныя абвінавачванні — ад «удзелу ў масавых беспарадках» да «стварэння экстрэмісцкага фармавання». У чэрвені 2022 года беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі сацсеткі Symbal.by, кампанію «Годна» і нават старонку, прысвечаную БНР», – нагадвае DW.
….
«Беларусь можа быць выкарыстана Расеяй як плацдарм для атакі на краіны Балтыі, але самі беларусы не будуць удзельнічаць у вайне супраць сваіх суседзяў». Пра гэта заявіла лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Euronews.
Ціханоўская нагадала, што падчас вучэнняў «Захад-2021», якія праводзіліся сумесна з Расеяй, у Беларусі адпрацоўвалі наступальныя аперацыі ў гарадскіх умовах. І менавіта пасля гэтых вучэнняў пачалося паўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Ціханоўская перасцерагае, што новыя сумесныя манеўры, запланаваныя на восень, могуць быць сігналам новай эскалацыі.
Нягледзячы на страхі, звязаныя з магчымым вывадам амерыканскіх войскаў з Балтыі, Ціханоўская выказала ўпэўненасць у моцы альянсу: «Я сапраўды веру ў адзінства НАТА і што яны дашлюць выразны сігнал Пуціну: “Не пасмей”».
Ціханоўская таксама звяртае ўвагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка мэтанакіравана мілітарызуе Беларусь: «Моладзь усё больш уцягваюць у вайсковую ідэалогію: у школах і ўніверсітэтах з’явіліся прадметы ваеннай накіраванасці». Паводле яе, гэта робіцца дзеля стварэння вобразу вонкавага ворага і апраўдання далейшай мілітарызацыі грамадства: «Улады хочуць паказаць, што хтосьці нам пагражае, і рыхтуюць нас да нейкай уяўнай небяспекі», – перадаюць Euronews.
Беларускае Радыё Рацыя