Выбары ў Беларусі: не больш чым ілюзія. Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар Рады Еўропы напісалі сумесную калонку. Беларускі свабодны тэатр намінавалі на Olivier Awards 2024.

25 лютага ў Беларусі адначасова прайшлі парламенцкія выбары і выбары ў мясцовыя саветы, якія атрымалі назву “Адзіны дзень галасавання”. Нягледзячы на тое, што ўрад не запрасіў міжнародных назіральнікаў АБСЕ, няма ніякіх сумневаў у тым, што яны вынеслі б вердыкт: выбары не адпавядалі стандартам АБСЕ – з 1994 года ў Беларусі не было ніводнага выбараў. «Тым не менш, больш пільны погляд на гэтыя выбары паказвае, што яны не былі звычайнай справай. Насамрэч, яны даюць некаторае ўяўленне аб тым, як палітычная сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё горш і горш», – піша еўрапейскае выданне Transitions.
«У мінулым даследчыкі называлі Беларусь “электаральнай аўтакратыяй”. Пры такім рэжыме кіруючая эліта валодае манаполіяй на палітычную ўладу, але, у адрозненне ад дыктатуры, рэгулярныя выбары з’яўляюцца важнай часткай дэмакратычнага фасада. Парламенцкія выбары ў Беларусі 25 лютага сведчаць аб далейшым дрэйфе краіны да паўнацэннага аўтарытарызму. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, выніковая яўка склала 73 працэнты. Гэта не мела асаблівага значэння, улічваючы, што парог яўкі на гэтых выбарах быў адменены – магчыма, у чаканні палітычнай стомленасці насельніцтва пасля 2020 года. Улічваючы, што парламент мае мала фармальнай і нефармальнай улады ў суперпрэзідэнцкай сістэме, а мясцовыя саветы маюць яшчэ менш улады, намаганні, якія былі патрачаны на тое, каб пазбавіць гэтых выбараў якога-небудзь сэнсу, падаюцца празмернымі. Адной з прычын была, відавочна, памяць пра 2020 год. Па-другое, гэтыя выбары разглядаюцца як першы крок у наступным раздзеле беларускай палітычнай гісторыі. У гэтых умовах Беларусь з’яўляецца паўнавартасным аўтарытарным рэжымам, без прыметнікаў. Калі так будзе працягвацца і далей, то папулярны ярлык “апошняй дыктатуры” Еўропы хутка стане канцэптуальна дакладным», – канстатуе еўрапейскае выданне.
Барацьба супраць аўтакратыі з’яўляецца сёння галоўнай задачай Еўропы. «Мы павінны абараняць каштоўнасці, якія нас вызначаюць», – пішуць у сумеснай калонцы для Euronews Святлана Ціханоўская і генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч.
«Шлях Еўропы на працягу больш за тры чвэрці стагоддзя адлюстроўвае бачанне, сфармуляванае адным з яе бацькоў-заснавальнікаў, Робертам Шуманам: «Еўропа будзе створана не адразу і не ў гатовым выглядзе. Яна паўстане на аснове рэальных спраў…». Як і прадбачыў Шуман, Еўропа развівалася крок за крокам, і кожнае дасягненне значна паляпшала жыццё яе грамадзян. Гэтая Еўропа развіваецца і выходзіць за рамкі геаграфічных азначэнняў, увасабляючы супольнасць, прыхільную да правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Гэтыя каштоўнасці, якія адстойваюцца Радай Еўропы, вядучай арганізацыяй, якая выступае за правы чалавека, вяршэнства права і дэмакратыю на нашым кантыненце, − гэта менавіта тое, за што сёння мужна змагаюцца многія беларусы. Хоць Беларусь ніколі не была дзяржавай — чальцом Рады Еўропы, гэта не перашкодзіла ёй працаваць над набліжэннем краіны да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Аднак афіцыйныя кантакты і супрацоўніцтва былі рэзка спыненыя пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Замест гэтага Рада Еўропы стварыла ў 2022 годзе кантактную групу па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Гэта наватарская ініцыятыва, распрацаваная пасля спынення ўсіх кантактаў з менскім рэжымам, якая цяпер служыць прыкладам для іншых арганізацый», – піша еўрапейскае выданне.
«Беларускі тэатр вылучалі на прэстыжную ўзнагароду ў катэгорыі «Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве», – піша The Guardian.
«Канкурэнцыю Беларускаму Свабоднаму тэатру ў намінацыі складаюць: Антонія Папана — музычны кіраўнік Royal Opera House ды Марына Абрамовіч за яе канцэпцыю спектакля «7 смерцяў Марыі Калас». Цырымонія ўзнагароджання пройдзе ў Каралеўскім Альбэрт-Холе 14 красавіка. У мінулым годзе на сцэне лонданскага тэатру «Барбікан» Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой паводле рамана Уладзіміра Караткевіча быў пастаўлены спектакль «Дзікае паляванне караля Стаха». Музыку напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч, дырыжор — Віталь Алексяёнак, харэографка — Марыя Сазонава. Галоўныя ролі ў пастаноўцы выконвалі беларускія артысты Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна. Раней Мікалай Халезін і Натальля Каляда былі ўдастоены звання членаў Ордэна Брытанскай імперыі за заслугі перад тэатрам», – піша брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка






