BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Cусветная прэса пра Беларусь: Закрытая Беларусь

ЕЗ падтрымаў рашэнне Польшчы зачыніць мяжу з Беларуссю. Афіцыйная рытарыка Менска ў ліпені-жніўні 2025. Tinder як акт супраціву ў Беларусі.

Фота: PAP/ Darek Delmanowicz

Паводле TVP World, Еўрапейскі Звяз выказаў падтрымку Польшчы пасля таго, як Варшава абвясціла пра закрыццё ўсіх пунктаў пропуску з Беларуссю. Рашэнне было прынята 12 верасня на фоне пачатку сумесных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025». Хаця вучэнні завяршыліся 16 верасня, забарона на ўезд і выезд па дарогах і чыгунцы застаецца ў сіле.

“Гэта пытанне бяспекі,” — заявіў прэс-сакратар Еўрапейскай камісіі Олаф Гіл у Бруселі, адказваючы на пытанні пра эканамічныя наступствы закрыцця мяжы. Ён таксама адзначыў, што любыя парушэнні гандлю звязаныя з “жорсткай, незаконнай і неабгрунтаванай вайной Расеі”. Іншы прадстаўнік Камісіі, Маркус Ламмерт, пацвердзіў, што Польшча афіцыйна паведаміла ЕЗ пра сваё рашэнне 10 верасня. “Знешнія мяжы Польшчы — гэта знешнія мяжы ЕЗ, і мы павінны гарантаваць іх поўную абарону ад любых пагроз для цэласнасці і бяспекі тэрыторыі,” — сказаў Ламмерт. Міністр унутраных спраў Польшчы Марцін Кервіньскі адзначыў, што межы “застаюцца зачыненымі не да канца вучэнняў ‘Запад’, а да таго часу, пакуль не будзе 100% упэўненасці, што Польшча не сутыкаецца з пагрозамі або правакацыямі”. Закрыццё межаў тычыцца як пасажырскіх перавозак, так і грузавых, у тым ліку тавараў з Кітая ў ЕЗ”, – паведамляе TVP World.

….

У новым матэрыяле iSANS адзначаецца, што ў ліпені-жніўні 2025 года асноўнай тэмай афіцыйнай рытарыкі Менска сталі міжнародныя кантакты і роля Беларусі ў рэгіёне.

“Самай знакавай падзеяй стаў тэлефонны званок прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Менск. У афіцыйных медыя яго назвалі ‘сенсацыяй’, ‘канцом заходняй ізаляцыі’ і ‘прарывам’ Беларусі на міжнароднай арэне”, — адзначаюць эксперты. Паводле звестак iSANS, пасля размовы Трамп пісаў пра Лукашэнку як пра «глыбокапаважанага прэзідэнта», хоць яшчэ паўгода таму Госдэп ЗША заявіў, што выбары-2025 «не могуць быць свабоднымі і справядлівымі». Афіцыйная рытарыка Менска цяпер называе Трампа «нашым агульным сябрам».

“А вось Польшча, Літва, Латвія і Эстонія застаюцца галоўнымі ворагамі ў афіцыйнай рытарыцы. На фоне вучэнняў ‘Захад-2025’ сітуацыя абвастрылася: Польша закрыла мяжу, ЕЗ падцягнуў войскі да рубяжоў. У адказ у дзяржаўных СМІ загаварылі пра ‘ваенную істэрку’ і звыкла абвінавацілі суседзяў у агрэсіўнасці, падкрэсліваючы ‘міролюбства’ Менска і Масквы”, — падкрэсліваецца ў аглядзе.

У жніўні Лукашэнка здзейсніў паездку ў Тяньцзінь на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і сустрэўся з прэзідэнтам Кітая Сі Цзіньпінам. “У дзяржаўных СМІ візіт назвалі прарывам і нагадалі, што Беларусь ‘спачатку’ арыентавалася на Кітай”, — адзначаюць аўтары iSANS. Лукашэнка рэгулярна абмяркоўвае “перамогі” расейскай арміі і сцвярджае пра неабходнасць міру: нягледзячы на працяг баявых дзеянняў ва Украіне, афіцыйная рытарыка прадстаўляе сітуацыю так, быццам Кіеў страціў ініцыятыву.

“Унутры краіны ўзмацняецца культ асобы Лукашэнкі: у дзяржаўных СМІ яго называюць ‘цудам Божым’ і ‘міротворцам’, фармуючы вобраз адзінага ‘моцнага кіраўніка’. Адначасова ўзмацняецца ціск на тых, хто выехаў: іх дадзеныя зачытваюць у эфірах дзяржаўнага тэлебачання, а маёмасць прапануюць канфіскаваць”, — гаворыцца ў справаздачы.

….

LRT.lt адзначае, што ў сучаснай Беларусі нават асабістыя знаёмствы могуць набываць палітычны адценне. Выкарыстанне дэйтынг-прыкладанняў, такіх як «Tinder», становіцца маркёрам дыстанцыяцыі ад «рускага свету» і спосабам самавыяўлення для грамадзян, якія не падтрымліваюць аўтарытарны рэжым.

“Дэйтынг-прыкладанні ў Беларусі — гэта не толькі тэхналагічны інструмент для знаёмстваў, але і важная частка паўсядзённай палітыкі. Нават выбар платформы можа сведчыць пра палітычныя погляды і страхі яе карыстальнікаў. Пасля сыходу «Tinder» у 2024 годзе асноўнай платформай сталі «Pure» і «Mamba». Гэта змяніла інфраструктуру знаёмстваў і ўскладніла пошук аднадумцаў, што ўзмацніла адчуванне адзіноты. Людзі баяцца за сваю бяспеку. Супрацоўнікі сілавых структур рэгістраваліся ў дэйтынг-прыкладаннях і выяўлялі карыстальнікаў з апазіцыйнымі поглядамі, што прыводзіла да затрыманняў і рэпрэсій. Выбар карыстальніка паміж платформамі можа мець сацыяльныя і палітычныя канатацыі. Сама прысутнасць у ‘Tinder’ часта азначала скептычнае стаўленне да ‘рускага свету’. Пасля сыходу платформы многія карыстальнікі не знайшлі альтэрнатывы, якая б дазваляла шукаць аднадумцаў. На фоне палітычнай рэпрэсіі культурнае жыццё моладзі працягвае развівацца ўнутры краіны: адкрываюцца клубы, арганізуюцца падзеі, аднаўляюцца старэйшыя пляцоўкі. Аднак магчымасці для мабільнасці знізіліся: паездкі за мяжу сталі складанымі, заходнія артысты не прыязджаюць, беларускія мастакі не могуць выехаць у Вільню ці Варшаву. Паводле даследавання, сучаснае беларускае грамадства адчувае “новы жалезны заслон”, які апускаецца з боку ўнутранай ізаляцыі», – піша літоўскае выданне.

Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя