DW: Лукашэнка сарваўся — і “вялікая здзелка” з Захадам пад пагрозай. LRT: У Беларусі засталіся каля 5 тысяч літоўскіх грузавікоў. Менск адмаўляецца іх выпускаць. Лукашэнкаўская прапаганда: «Нам з дыктатурай добра, як Адаму з Богам».

Падчас паездкі ў Бярэзінскі запаведнік 31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг эмацыйных выказванняў на адрас Літвы, Польшчы і ЗША. Ён абвінаваціў Літву ў «правакацыях з метэазондамі», Польшчу — у «сарваных дамоўленасцях» аб адкрыцці пунктаў пропуску, а ў бок Вашынгтона дапусціў нецэнзурныя словы, адрэагаваўшы на патрабаванне публічных прабачэнняў перад Літвой. Палітычны аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што такой рэакцыяй Лукашэнка адгукнуўся на няўдачу «малой здзелкі» з Польшчай. Раней кіраўнік Беларусі заяўляў, што Вільня і Варшава вядуць перамовы аб адкрыцці мяжы і аб вызваленні палітвязня Анджэя Пачобута. Але пасля гісторыі з паветранымі шарамі Літва закрыла мяжу, і ўсё спынілася. Аналітык Аляксандр Класкоўскі з агенцтва «Позірк» адзначае, што эмацыйны выбух Лукашэнкі тлумачыцца страхам страціць твар у вачах сілавікоў і наменклатуры: «Ён баіцца, што ўнутры рэжыму яго палічаць слабаком, калі ён пойдзе на саступкі дзеля змякчэння санкцый. Таму і выбухнуў — каб паказаць, што “бацьку не нагнуць”».
Класкоўскі таксама адзначае, што Лукашэнка спадзяваўся на падтрымку адміністрацыі Дональда Трампа і пачатак «вялікай здзелкі» з ЗША — вызваленне палітвязняў у абмен на частковае зняцце санкцый. Але цяпер сітуацыя ўскладнілася, і «няцэнзурная тырада» можа сапсаваць кантакт з Вашынгтонам. Шрайбман не лічыць, што перамовы цалкам спыненыя: «Сітуацыя можа стабілізавацца, калі спыняцца правакацыі з шарамі. Калі Лукашэнка захоча вярнуцца да размовы — Вашынгтон пакіне дзверы прыпрычыненымі».
….
Пасля закрыцця двух апошніх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шальчынінкай» і «Мядзінінкай» — на тэрыторыі Беларусі засталося каля 5 тысяч літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў, што належаць літоўскім перавозчыкам.
Як паведамляе LRT.lt, урад Літвы прыняў рашэнне часова закрыць пункты пропуску праз рэгулярныя інцыдэнты з паветранымі шарамі, якія пераносяць кантрабандныя цыгарэты з тэрыторыі Беларусі і перашкаджаюць працы літоўскіх аэрапортаў. У адказ Менск прыняў сіметрычныя меры — указ Лукашэнкі забараняе рух па тэрыторыі Беларусі грузавікоў і трактараў, зарэгістраваных у шэрагу краін ЕЗ, у тым ліку ў Літве і Польшчы.
МЗС Беларусі назваў рашэнне Літвы «аднабаковым» і заявіў, што адказнасць за наступствы «ляжыць на Вільні». Паводле прадстаўніка МЗС Беларусі Руслана Варанкова, «выпускаць літоўскія фуры Менск не намерваецца». Інфармацыю пра гэта пацвердзіў агенцтву BNS прадстаўнік МУС Літвы Міндаўгас Баярунас. Паводле віцэ-прэзідэнта асацыяцыі Linava Алега Тарасава, за апошнія суткі праз пункт «Мядзінінай» у Літву ўехалі больш за 200 грузавікоў, а Беларусь паабяцала дазволіць праезд астатнім праз «Шальчынінкай». Паводле Linava, прастой транспарту ў Беларусі за апошні тыдзень каштаваў перавозчыкам каля 5 мільёнаў еўра. Міністэрства транспарту Літвы пакуль не атрымала афіцыйнага адказу ад Беларусі.
….
Паводле аналітычнага агляду iSANS, у трэцім квартале 2025 года дзяржаўная прапаганда Беларусі працягвала развіваць свае асноўныя наратывы — ад культу асобы Лукашэнкі да антызаходняй рыторыкі і падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны. «На ўнутраным фронце прапаганда застаецца цалкам скіраванай на «ўзмацненне адзінаасобнай улады і аўтарытэту Лукашэнкі».
Ідэалагічныя святы выкарыстоўваюцца як нагода для чарговых хвалаў «правіцелю», а дзяржаўныя СМІ працягваюць падкрэсліваць выключную ролю Лукашэнкі як «гаранта стабільнасці і міру».
Асноўнай мішэнню прапаганды па-ранейшаму з’яўляюцца прадстаўнікі дэмакратычных сілаў — як унутры краіны, так і за мяжой. Сілавыя структуры прыцягваюць прапагандыстаў да кампаній па дыскрэдытацыі і запалохванні, у тым ліку праз «пакаянныя відэа» і публічнае раскрыццё асабістых даных уцекачоў.
З цягам часу прапаганда змяніла тон адносна Дональда Трампа: калі раней яго лічылі патэнцыйным «саюзнікам Расеі і Беларусі», то цяпер дзяржаўныя СМІ пішуць пра яго з «іранічным расчараваннем». Асаблівую ўвагу дзяржаўныя СМІ надалі Польшчы — у жніўні і верасні яна зноў стала «галоўным ворагам», што звязваецца з інцыдэнтамі з расейскімі дронамі, вучэннямі «Захад-2025» і часавым закрыццём мяжы.
Паводле iSANS, дзяржаўныя СМІ Беларусі ўсё часцей прадстаўляюць дыктатуру як «натуральны стан грамадства» і прамую альтэрнатыву заходняй мадэлі. Гэты настрой дакладна перадае фраза, вынесеная ў загаловак агляду: «Нам з дыктатурай добра, як Адаму з Богам». Агульны накірунак інфармацыйнай палітыкі застаецца нязменным: татальнае супрацьстаянне з апазіцыяй і Захадам, апраўданне рэпрэсій, мілітарызацыя грамадскай свядомасці і ўзвышэнне Лукашэнкі як «цэнтра адзінства».
Агляд падрыхтавала Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя





