Літоўская кампанія, звязаная з беларускім ВПК, пашыраецца ў Еўропе, нягледзячы на санкцыі. У Беларусі сілавікі затрымліваюць за ціктокі пра пакістанцаў і публікуюць відэа з пакаяннямі. “Беларусы маюць вострую патрэбу ў адчуванні нармальнага жыцця”.

«У Вільні дзейнічае кампанія I-Photonics, звязаная з беларускай групай прадпрыемстваў Izovac, якая пастаўляе прадукцыю ваеннай прамысловасці Расіі», – паведамляе літоўскае выданне LRT.
«Кампанія Izovac Photonics была заснавана ў Вільні ў 2021 годзе як падраздзяленне беларускай мацярынскай кампаніі Izovac, арыентаванае на выхад на еўрапейскі рынак. Паводле звестак Беларускага даследчага цэнтра, з пачатку вайны Расіі супраць Украіны Izovac паставіла прадукцыі для патрэб расійскай ваеннай прамысловасці на суму амаль 200 млн долараў ЗША (каля 176 млн еўра), абыходзячы санкцыі. Izovac спецыялізуецца на тэхналогіях вакуўмнага напылення і нанясенні тонкаплёначных пакрыццяў. Гэтыя тэхналогіі прымяняюцца пры вытворчасці кампанентаў для чыпаў, прыбораў начнога бачання, цеплавізараў, аптычных прыцэлаў, сістэм навядзення ракет, дронаў і іншай ваеннай тэхнікі. У 2022 годзе Izovac Photonics, якая базуецца ў Вільні, змяніла назву на I-Photonics — пасля таго як 1,2 млн еўра на яе рахунках былі замарожаныя з-за падазрэнняў у паходжанні сродкаў. Указаная сума паступіла ў выглядзе крэдыту ад маскоўскай кампаніі Izovac Engineering у дзень пачатку ўварвання Расеі ва Украіну. Сродкі былі перакладзены гэтай расейскай кампаніяй, якая атрымала грошы ад НДІ “Полюс” – структуры, якая ўваходзіць у расійскі абаронны холдынг Ростэх. Грошы былі арыштаваныя з-за санкцыяў у дачыненні да “Растэха” і яго кіраўніка Сяргея Чэмезава. Тым не менш, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы даў заключэнне, што заяўнікі, павязаныя з Izovac не ўяўляюць пагрозы нацыянальнай бяспецы. У выніку віды на жыхарства ў Літве ім былі выдадзены.”, – піша літоўскае выданне.
….
«У Беларусі сілавікі затрымліваюць людзей за цікток-відэа з каментарамі аб пакістанах і публікуюць відэа з пакаяннямі», – піша міжнароднае выданне Doxa.
«11 красавіка Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы з прэм’ерам Пакістана заявіў, што гатовы запрасіць у Беларусь 150 тысяч работнікаў з гэтай краіны. Пасля гэтага ў ціктоку пачалі вірусіцца відэа аб тым, што пакістанцы нібыта ўжо прыбываюць у Беларусь і здзейснілі сэксуалізаваны гвалт над мясцовай дзяўчынкай. Відэа бойкі студэнтаў у Гомелі падтрымала хвалю цікавасці да тэмы. Першапачаткова пісалі, што пабіліся пакістанцы, але сілавікі заявілі, што бойку з-за дзяўчыны ўчынілі студэнты з Марока. МУС выпусціла некалькі абвяржэнняў на чуткі і прыгразіла пакараннем за іх распаўсюджванне. 23 красавіка ведамства апублікавала яшчэ адну афіцыйную заяву: “Міграцыйныя патокі з Пакістана адсутнічаюць, роўна як і злачынствы, учыненыя выхадцамі з гэтай дзяржавы”. Сілавікі адзначылі, што ўжо выявілі “актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”. Ім пагражаюць крымінальнымі справамі за “распальванне міжнацыянальнай варожасці і дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне”. Блізкі да сілавікоў канал апублікаваў відэа з затрыманымі за каментары і ролікі ў ціктоку. 18-гадовага хлопца і 20-гадовую дзяўчыну прымусілі прасіць прабачэння за распаўсюджванне фэйкаў і «гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістан». Малады чалавек паведамляе, што ў сваім відэа, “не праверыўшы дакладнасць інфармацыі, напісаў пра нібыта згвалтаванне 12 гадовай дзяўчынкі пакістанцам і заклікаў абараняцца пярцовымі балонамі”. Сілавікі таксама прымусілі маладога чалавека апублікаваць пакаянне ў яго ціктоку”, – піша міжнароднае выданне.
….
У Менск едзе Алег Газманаў з праграмай “Рускі свет”. «Што ўвогуле адбываецца ў Беларусі, чаму людзі гатовы гэта слухаць і падтрымліваць рублём?», – задаецца пытаннем міжнароднае выданне ISANS.
«Пасля стрэсу людзі шукаюць звыклы адпачынак. Канцэрты – спосаб «адключыцца» ад палітыкі. Нават калі гэтае шоў з назовам «Рускі мір», большасць успрымае яго як забаўка (і няўжо можна за гэта асуджаць?). Калісьці ў Беларусь прыязджалі Джэніфер Лопес, Робі Уільямс і іншыя сусветныя зоркі. Цяпер іх няма, таму канцэртныя залы і буйныя фэсты запоўнены расейскімі выканаўцамі. Іх прасцей прывезці, людзі на іх ідуць нагамі. Але канцэрт Газманава выходзіць за рамкі культурнага абмену: канцэпт “Рускі свет” выкарыстоўваецца для маркіроўкі ідэйнай прасторы, якую Расея спрабуе прасоўваць і за межамі сваіх межаў. Важна разумець: зараз ідэалагічныя ўкрапванні ёсць і ў музыцы, і ў фільмах, і ў блогерскіх праектах. Людзі гэта, вядома, часта заўважаюць, але калі такому кантэнту амаль няма замены, яго спажыванне не выклікае пытанняў. Нават прапаганда не спрацуе, калі кантэнт не заходзіць людзям. «Калі працяглы час карыстаешся якімі-небудзь брэндамі, сэрвісамі і яны цябе задавальняюць, то гэтае стаўленне часткова можа пераходзіць і на краіну паходжання. Гэта важна ў кантэксце інфармацыйных сэрвісаў: усё больш беларусаў заходзяць у расейскія экасістэмы прадуктаў. Расейскія сьцягі, якія вісяць паўсюль, і іншая айдэнтыка робяцца звыклай — так працуе «нармалізацыя. Але ў “мяккай сілы” ёсць мяжа: “Нягледзячы на знешнюю згоду з рэальнасцю, унутры ўсё роўна будзе канфлікт і напружанне, якія выйдуць вонкі, як толькі з’явіцца магчымасць”. А можа альтэрнатыва ўсё ж ёсць? Так. «Лакальны турызм. Практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ёсць фэсты са сваімі цікавосткамі. І далёка не ўсе з іх бээрэсэмаўскі «агратрэш». Калі жадаецца іншага, застаецца опцыя наведваць вялікія ивенты з «фігай у кішэні», адфільтроўваючы таксічныя акцэнты. Чым, у прынцыпе, і займаліся многія пакаленьні беларусаў да нас”, – піша міжнароднае выданне.
Агляд сусветнай прэсы пра Беларусь падрыхтавала Вольга Сямашка






