Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Беларусі 29 кастрычніка пачала рэгістраваць ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня 2025 года.

Была зарэгістравана ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, заяву аб рэгістрацыі падаў на падставе даверанасці старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Юры Сянько. Парушэнняў у дакументах не знайшлі, групу зарэгістравалі аднагалосна, пад нумарам 1.
Другую групу ініцыяваў Аляксандар Драздоў. На пасяджэнне ён не прыйшоў і не падаў спіс сябраў групы, таму ў рэгістрацыі яму адмовілі.
Трэцяй стала ініцыятыўная група старшыні зліквідаванага ўладамі руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча — ён накіраваў адпаведныя дакументы па электроннай пошце 28 кастрычніка. На пасяджэнні паведамілі, што, паводле закону, такім чынам падаваць заяву нельга. Групу не зарэгістравалі.






