Пакуль лепшыя сыны і дачкі Украіны коштам сваіх жыццяў абараняюць свабоду Радзімы, у Кіеве група маладых людзей, перасоўваючыся на дарагім аўтамабіл ў суправаджэнні паліцыі, раптам спыніла рух у цэнтры сталіцы. Каб пакурыць. Потым яны на вялікай хуткасці несліся па Крэшчаціку, падразаючы іншыя аўтамабілі, а з акна раскідвалі даляравыя купюры. Як верх цынізму – выконвалі песню заслужанага падхаліма Расіі Шамана “Я русский”, праязджаючы побач з мемарыялам загінуўшым воінам.

Так забаўляюцца “чыесьці дзеткі”, як яны самі сябе называюць, і пры гэтым актыўна дзеляцца відэа ў Instagram. І, увага – рэмарка: любое ўмяшанне “будзе пакарана падарункам ад іх бацькоў”. Ва ўкраінскіх СМІ неўзабаве з’явілася інфармацыя, што адзін з мажораў – сын народнага дэпутата ад забароненай ва Украіне прарасейскай партыі «Апазіцыйная платформа – За жыццё». Натуральна, гэты факт выклікаў грамадскі рэзананс: у сацыяльных сетках з’явіліся тысячы каментароў. Ад “ім нічога не будзе, проста крыху палаюць, пазбавяць салодкага і не дадуць кішэнных грошай” да “адправіць іх у штурмавыя атрады на перадавую”. Прабачце, а ці патрэбныя такія на
перадавой?
Ніхто не здзівіцца, калі праз тыдзень-другі “дзеткі” будуць здымаць відэа для Instagram у шэрагах батальёна “Манака”. Для тых, хто не ў тэме: батальён «Манака» – украінскія VIP-уцекачы з ліку палітычнай і бізнэс-эліты, якія «трымаюць фронт» і «набліжаюць перамогу» на Блакітным
узбярэжжы Францыі і ў Княстве Манака. А пакуль украінская паліцыя – праваахоўны орган ваюючай краіны – аказвае «чыімсьці дзеткам» паслугі суправаджэння, прапагандысты з РФ нервова мантуюць новы сюжэт.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Нацпаліцыі Украіны






