BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Здольнасць нацыі да выканання палітычных абавязацельстваў, якія патрабуюць ад яе высокага напружання, абмежавана. Прырода патрабуе перадышкі. Людзі няздольныя больш прымушаць сябе працягваць гераічныя намаганні. Яны прагнуць пагрузіцца ў свае асабістыя жыццёвыя справы. Вырваныя пастаяннымі баявымі заклікамі, знясіленыя бесперапыннай агульнанацыянальнай актыўнасцю, расчараваныя атрыманымі вынікамі, яны імкнуцца да вызвалення ад узятых абяцанняў, перадышцы для адпачынку і аднаўлення сіл. Так сходзяць на нішто публічныя акцыі, страсці, ідэалізм і рэформы,» – так пісаў амерыканскі гісторык Артур Шлезінгер у сваёй вядомай кнізе «Цыклы амерыканскай гісторыі».

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Мяркую, гэтыя словы можна ўзяць эпіграфам для развагаў пра выбары ў Каардынацыйную раду. Сапраўды, мы зараз маем такі этап беларускага палітычнага жыцця ў эміграцыі, калі ў палітычных імпрэзах і акцыях прымае ўдзел усё менш людзей. Гэта аб’ектыўная рэальнасць, якую амаль немагчыма змяніць самымі актыўнымі намаганнямі палітыкаў і СМІ.

Безумоўна, сваю ролю згулялі і рэпрэсіі менскага рэжыму, які застрашвае людзей рознымі цалкам рэальнымі карамі за палітычную актыўнасць за межамі Беларусі.

Безумоўна, гэта ня можа не адбіцца і на кампаніі па выбарах у Каардынацыйную Раду. Калі на апошніх выбарах за дэлегатаў КР галасавала 6700 чалавек, то цяпер, з улікам сітуацыі і працягу трэнду на дэпалітызацыю беларускай дыяспары, – як чакаецца, прагаласуе яшчэ менш. Ды і сама КР за апошнія месяцы ўспрымаецца больш як крыніца нейкіх скандалаў (дастаткова ўзгадаць знікненне спікеркі Рады Мельнікавай), звадак, асабістых прэтэнзіяў. Усё больш людзей з пэўным палітычным імем успрымаюць яе як структуру, якая не заслугоўвае іхнай увагі і ўдзелу.

Гэта стала відавочна пасля таго, як многія важкія палітычныя фігуры вырашылі не прымаць удзел у гэтай выбарчай кампаніі. Гэта і Віктар Бабарыка, і Сяргей Ціханоўскі, і фракцыя Блок – Ягораў, Кныровіч, Пракоп’еў – і нядаўна вызваленыя вядомыя палітвязні – Севярынец, Дашкевіч, Мацкевіч.

Гучалі меркаванні, што ўдзел вядомых палітыкаў можа падагрэць інтарэс да выбараў у КР. Але, відаць, цвярозая ацэнка сітуацыі падказала ім, што гэта наўрад ці адбудзецца – прынамсі, у тых маштабах, якія могуць дазволіць казаць пра нейкую «перамогу», пра нейкія плюсы ад гэтага ўдзелу.

У саміх патэнцыйных выбарнікаў КР пашыраюцца пытанні, а для чаго патрэбная гэтая структура, што яна вырашае, на якія працэсы ўплывае, якія вынікі яе папярэдняй дзейнасці. Пытанні, на якія не заўсёды даецца вычарпальны адказ.

З іншага боку, Каардынацыйная Рада – вельмі патрэбная інстытуцыя, наш беларускі пратапарламент, пляцоўка, на якой павінны адбывацца дыскусіі, орган, закліканы прадстаўляць інтарэсы беларусаў у эміграцыі. На жаль, аб’ектыўна гістарычная сітуацыя для актыўнай і паспяховай дзейнасці гэтай структуры зараз не самая спрыяльная.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя