BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Данія гатова да павелічэння ваеннай прысутнасці ЗША ў Грэнландыі

Данія гатова дазволіць ЗША павялічыць сваю прысутнасць у Грэнландыі. Пра гэта заявіла прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен на фоне намераў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа завалодаць найбуйнейшым востравам у свеце, піша Bloomberg.

Photo by Mads Claus Rasmussen / Ritzau Scanpix / AFP

Паводле яе слоў, на гэтай тэрыторыі ўжо знаходзіцца амерыканская ваенная база, якая назірае за космасам і выяўляе ракетныя пагрозы, таму ЗША “могуць мець больш магчымасцей”.

“Я цалкам згодна з амерыканцамі, што Крайняя Поўнач, арктычны рэгіён становіцца ўсё больш важным, калі мы гаворым пра абарону, бяспеку і стрымліванне. І можна знайсці спосаб забяспечыць больш моцную прысутнасць у Грэнландыі”, – адзначыла Фрэдэрыксен і дадала, што Данія і НАТА гатовы пашыраць сваю прысутнасць у рэгіёне.

“Таму калі размова ідзе пра бяспеку нашай часткі свету, мы можам знайсці шлях наперад”, – дадала яна.

У той жа час Фрэдэрыксен падкрэсліла, што Грэнландыя з’яўляецца часткай Даніі, таму яна “не прадаецца”.

Таксама прэм’ер-міністр адказала на словы віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Венса пра тое, што Данія не з’яўляецца добрым саюзнікам.

“Мы ваявалі бок аб бок з амерыканцамі на працягу многіх, многіх дзесяцігоддзяў. Я не пагаджуся з меркаваннем, што Данія з’яўляецца дрэнным саюзнікам. Мы не з’яўляемся, не былі і не будзем такімі ў будучым”, – запэўніла палітык.