BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дэбаты: крытыка дзейнасці Каардынацыйнай рады ІІ склікання і механізму выбараў у КР

У эфіры нашага радыё працягваюцца публічныя дэбаты кандыдатаў у новы склад Каардынацыйнай рады, выбары ў якую пройдуць з 25 па 27 траўня. 

Варта адзначыць, што адбыліся змены і сёння ў дэбатах удзельнічаюць:

-спіс №2 “Воля” – Сяргей Кедышка;

-спіс №8 “Блок Пракоп’ева-Ягорава” – Андрэй Ягораў;

-спіс №10 “Хопіць баяцца!” – Таццяна Мартынава.

Удзельнікі дыскусіі раскажуць пра сваю пазіцыю ды выкажуць свае ідэі адносна будучыні нашай Беларусі. Дэбаты вядзе Улад Грынеўскі.

РР: Сёння ў Менску праходзіла ўрачыстая цырымонія ўшанавання дзяржаўных сімвалаў. У Беларусі на афіцыйным роўні адзначаюць дзяржаўны Дзень Сцяга, Герба і Гімна. Прапаную кароткі бліц. Дзень Незалежнасці Беларусі – гэта … Які дзень з гісторыі ў вас больш асацыюецца з незалежнасцю?

Сяргей Кедышка: Гэта жнівеньскія падзеі, калі былі прынятыя Дэкларацыі аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Андрэй Ягораў: 25 сакавіка.

Таццяна Мартынава: 25 сакавіка, але прапанова, напрыклад, а чаму не 9 жніўня?

РР: На плошчы Незалежнасці стаіць помнік Леніну. Каму, паводле вас, не хапае помнікаў у Беларусі?

Сяргей Кедышка: Кастусю Каліноўскаму.

Андрэй Ягораў: Шушкевічу.

Таццяна Мартынава: Помнік вольнаму чалавеку Беларусі, я б яго абязлічыла. Бо гісторыю Беларусі сёння мусяць тварыць сучасныя людзі.

РР: Ядзерная зброя, ці патрэбна яна Беларусі, каб адчуваць сябе незалежнымі?

Сяргей Кедышка: Не , не патрэбна.

Андрэй Ягораў: Ядзерная зброя нам не патрэбная.

Таццяна Мартынава: Гэта вельмі складанае пытанне. Сёння – не. Бо кнопка – у руках у  нягодніка.

РР: А зараз ёсць магчымасць пагаварыць. Па дзве хвіліны ў кожнага кандыдата.

Сяргей Кедышка: У беларускім апазіцыйным руху я з 2001 года. Хацелася зрабіць нейкі свой унёсак на выбарах 2001 года супраць Лукашэнкі, каб пасля сваім дзецям казаць, што змагаўся. У 2001 не атрымалася, у 2006 не атрымалася і так далей. І  да гэтага часу я ў такім двіжы, які я б больш назваў супрацівам. Я не быў у класічнай апазіцыі, якая стала сістэмнай і была далёкая ад народу. Пасля падзей 2020 году я быў затрыманы, арыштаваны, атрымаў крымінальную справу, цудам атрымалася выехаць з Беларусі, выпусцілі мяне неяк памылкова. Зараз працягваю беларускай справай займацца тут. Быў суарганізатарам Паспалітага рушэння. Пасля вылучыліся мы ў КР, я быў прадстаўніком другога склікання КР, вельмі моцна расчараваўся. І ні ў якім разе не збіраўся ісці на выбары ў КР трэцяга склікання. Але ж з’явіліся паплечнікі, мы зарганізавалі блок “Воля”, і наша мэта – зарганізаванне Беларускай вызвольнай арміі і таксама дапамога палітвязням. І вырашыў я падтрымаць сваіх сяброў і зараз удзельнічаю як прадстаўнік блока “Воля”. І тое, што мы сур’ёзна ідзём, сведчыць тое, што перад самымі дэбатамі адбылася змена спікераў, і лідары іншых групаў прыйшлі на размову са мной, хаця планаваліся зусім іншыя людзі. І я рады іх пачуць. Падэбатуем!

Андрэй Ягораў: Давайце паглядзім на сённяшнюю сітуацыю. Мы бачым, што яна за 4 гады толькі пагаршаецца. Мы бачым працяг эміграцыі беларусаў з краіны, мы бачым, што залежнасць Беларусі ад Расеі і ўцягванне яе ў ваенны канфлікт расце. Мы бачым, што сітуацыя з беларусамі, якія выехалі за мяжу, даволі складаная. Стан візавай палітыкі, атрыманне відаў на жыхарства ўсё ўскладняецца. Падтрымка тая, якую маюць беларусы ў сваім супраціўленні, даволі хісткая. І ў гэтай сітуацыі нам самім трэба нешта рабіць з самаарганізацыяй вялікай беларукскай дыяспары для таго, каб спраўляцца з гэтымі праблемамі. Нам патрэбна моцная дыяспара, як у габрэяў. Нам патрэбна моцная дыяспара, як у армян. І толькі мы самі можам вырашыць свае праблемы. Нам не хапае моцнага  палітычнага руху беларускіх дыяспар. Такога руху, які мабілізуе інтэлектуальныя, чалавечыя і фінансаваныя рэсурсы беларусаў для самастойнай палітычнай дзейнасці. Для дапамогі беларусам у Беларусі і для вырашэння нашых пытанняў. Наша каманда мае людзей з розных краінаў. Галасуйце за нас!

Таццяна Мартынава: Я з 90-х гадоў абсалютна публічны чалавек, які адказвае за кожнае сказанае слова. Таму я б хацела расказаць больш пра наш блок. Пра нашую праграму. Першае – што мы не дазволім нікому зрабіць. Мы не дазволім пераварочваць старонкі, абясцэньваць заваёвы 2020 года і мы не дазволім ісці ні на якія ўступкі рэжыму, бо гэта рэжым умацоўвае. Ніякага гандлю палітзняволенымі, таму што мы не маем права вырашаць, які палітвязень больш роўны за іншага. І хто ў чарзе першы, а хто – апошні на вызваленне. Гэта здрада тым, хто сёння сядзіць у турмах. Я ва Украіне працую з дэпутацкім корпусам. Сябры маёй каманды працуюць у Польшчы з польскім урадам, рэлакуюць бізнесы і валодаюць вялікім досведам дапамогі беларусам.  Мы выразна раздзяляем рэжым і беларусаў. І я тут, ва Украіне, у вельмі складаных умовах раблю гэта фактычна знаходзячыся адна ў медыя. Бо Полк Кастуся Каліноўскага – гэта ўсё ж такі ВСУ, гэта героі Беларусі. Але патрэбна яшчэ медыяпавестка, якую я тут трымаю чатыры гады. У нас ёсць прапанова для КР наконт таго, якім чынам мы можам лабіяваць адкрытасць межаў для беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Дапамога беларусам замежжа больш тычыцца рэлакацыі, дапамогі перасяленцам і бежанцам. Мы адзіная сіла ва Украіне, якая не са зброяй у руках, а палітычная – гэта важна. Украіна важны партнёр, таму галасаваць варта ў абавязковым парадку за наш блок!

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя