Дэлегацыя Еўрапарламента будзе кіравацца спадзяваннямі беларускага народа пра еўрапейскую будучыню. Пра гэта заявіла кіраўніца дэлегацыі па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце Малгажата Гасеўска, паведамляе “Позірк”.

У звароце, апублікаваным 7 кастрычніка на сайце ЕП, палітык нагадала, што дэлегацыя па Беларусі была створана ў 1994 годзе, неўзабаве пасля аднаўлення незалежнасці краіны. Гасеўска адзначыла, што зараз ЕП “не падтрымлівае афіцыйных стасункаў з парламентам Беларусі праз тое, што краіна неаднаразова не праводзіла свабодныя і справядлівыя выбары і не выконвала міжнародныя стандарты дэмакратыі і вяршэнства закона”.
“У адказ на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступнае жорсткае задушэнне дэмакратычных сіл, актывістаў грамадзянскай супольнасці, свабодных прафсаюзаў, незалежных СМІ і мірных дэманстрантаў, ЕП заняў адназначную пазіцыю і не прызнаў ні вынікі выбараў, ані Аляксандра Лукашэнку ў якасці законнага лідара і прэзідэнта Беларусі”, — адзначыла Гасеўска.
Паводле яе слоў, дэлегацыя ЕП па Беларусі захоўвае прыхільнасць “працягу нястомнай працы з Аб’яднаным пераходным кабінетам на чале са Святланай Ціханаўскай і Каардынацыйнай радай для дасягнення мэты пабудовы дэмакратычнай, суверэннай, інклюзіўнай і квітнеючай Беларусі”.






