BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Дэмакратычная Беларусь не можа жыць без незалежных медыяў”

Госць Рацыі – Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя, галоўны рэдактар беларускага тыднёвіка ў Польшчы “Ніва” Яўген Вапа. Падчас канферэнцыі “Новая Беларусь”  ён быў узнагароджаны Крыжом адраджэння Беларусі імя братоў Луцкевічаў.

Святлана Ціханоўская і Яўген Вапа

РР: 9 – 10 жніўня Вы прымалі ўдзел у канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая праходзіла ў Варшаве. Віншуем сардэчна з атрыманнем узнагароды!

Яўген Вапа: Дзякую! Думаю, што гэты Крыж ёсць перадусім падзякай для ўсіх тых беларусаў Падляшша, якія, у маім разуменні, цягам больш за стагоддзе займаліся беларускімі справамі, беларускімі выпрабаваннямі. І гэты Крыж паказвае братоў Луцкевічаў, якія стаялі ля вытокаў адраджэння беларускага палітычнага думання ў рамках незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Гэта ёсць Крыж менавіта палітычнага думання пра лёс і будучыню Беларусі. І маем з таго перыяду часу і нашых карэспандэнтаў у “Нашу Ніву”, і маем тую Беласточчыну, якая пайшла поўнасцю за тым, каб ствараць беларускае школьніцтва, беларускую асвету падчас І Сусветнай вайны. Гэта тыя беларусы, якія апынуліся ў бежанстве і змагаліся за Беларускую Народную Рэспубліку, біліся ў палках беларускіх, гінулі за Беларусь, і тыя, хто наступнымі дзесяцігоддзямі ўжо пры змененай геапалітычнай сітуацыі і пры іншых межах проста змагаліся за правы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і таксама за культурнае жыццё. Калі я атрымоўваў узнагароду, у мяне перад вачыма была гэта гістарычная мінуўшчына і спадчына, а надпіс, які віднеецца на Крыжы, які я атрымаў для ўсёй нашай беларускай меншасці ў Польшчы, гучыць: “Няхай жыве незалежная вольная Беларусь!” І гэтая думка ўжо ёсць на сёння важная для значнай большасці ўсіх беларусаў, уключна з беларусамі, якія жывуць у самой Рэспубліцы Беларусь. І праблема такая, што памкненні людзей адныя, а палітыка рэальная – гэта разыходжанні.

РР: Раскажыце пра свае спадзяванні і ўражанні ад канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Яўген Вапа: У мяне спадзяванні наконт канферэнцыі былі такімі, што беларускі патэнцыял і беларускае пытанне не ёсць па-за ўвагай міжнароднай супольнасці. І не па-за ўвагай таго, што ўдаецца захаваць сваю адметнасць для беларусаў па-за межамі Беларусі. Бо гэта самае галоўнае ў часы, якія з’яўляюцца абсалютна неспрыяльнымі для Беларусі. І трэба чакаць, калі адчыніцца вакно магчымасцяў, калі з’явіцца ізноў шанец для Беларусі. І важна, каб гэтае вакно, фортачка, самыя беларусы патрапілі адчыняць шырэй і шырэй і беларускаю справаю займацца і на міжнародным узроўні, і на ўнутраным.

РР: Але канферэнцыя называлася “Новая Беларусь” і адбывалася ў пятую гадавіну Беларускай рэвалюцыі 2020 года. Ці можна сказаць, што яе ўдзельнікі маюць ужо сваю візію той Новай Беларусі?

Яўген Вапа: З пункту гледжання падрыхтоўкі да Новай Беларусі, прэзентаваліся тыя праекты законаў, гэта і самакіраванне, і люстрацыя, праекты, звязаныя з фінансамі, і іншыя рэчы. І для мяне гэта было вельмі важна пачуць, што адбываецца падрыхтоўка такіх праектаў, якія адразу будуць уведзены. Яны рабіліся ў адпаведнасці з еўрапейскім заканадаўствам, дзе ўлічваліся ўжо поспехі і памылкі гэтых дзяржаваў. Гэтая праца ёсць, хоць для звычайных людзей яна незаўважная. Другая справа, што пры зменлівасці сітуацыі, якая ёсць у Беларусі, гэта будзе ў рэчышчы геапалітычных працэсаў. Палітыка і геапалітыка сёння мяняюцца, на жаль, на працягу гадзіны, сутак.

РР: Але, каб будаваць “Новую Беларусь”, трэба спярша скінуць пануючы рэжым і пераняць уладу. Апошнія месяцы паказваюць, што беларуская апазіцыя няўзмозе дагаварыцца нават паміж сабою. Ці гэтае разнагалоссе адчувалася таксама падчас канферэнцыі?

Яўген Вапа: Для мяне пытанне: што значыць не патрапяць дагаварыцца? Калі людзі маюць розныя погляды – гэта вельмі станоўча. Гэта ж не з’езды КПСС, дзе адзінагалосна ўсё прымалася! То гэтага ж мы хацелі – свабоды. Маем пытанне наступнае: плюралізм. Калі адбывалася сустрэча лідараў фракцый КР, там вельмі вострыя дыскусіі ішлі, нават некаторыя выходзілі з залы. І гэта паказвае, што беларусы не такія ўжо памяркоўныя. Гэта паказвае, што выбудоўваецца працэс дыскусіі. І разнагалоссе, з майго пункту гледжання, гэта вельмі добрая з’ява. І гэта адбываецца ў публічнай дыскусіі. Я лічу, што тое, што людзі маюць розныя погляды, гэта нармальнасць. Другая праблема – і для мяне гэта найважнейшае – як доўга беларускім дэмакратычным структурам удасца захаваць у эміграцыі тую палітычную еднасць, якая сёння ёсць. Ужо пяць гадоў мінула. Для эміграцыі гэта перыяд, які можа быць трывожным. І тое, што цягам пяці гадоў удалося пры тых спробах перашкод, пры розных кірунках думання, якія цалкам адкідаюць Святлану Ціханоўскую, маем сітуацыю, у якой, для мяне самае важнае,  каб вытрываць у выглядзе прадстаўлення беларускай справы на ўзроўні тых краінаў, дзе жыве дыяспара, і на міжнародным узроўні.

РР: Вы выступалі падчас канферэнцыі ў майцы з выявай Алеся Бяляцкага. Тое, што Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру знаходзіцца за кратамі – гэта самая вялікая параза не толькі дэмакратычных сіл Беларусі, але і ўсяго дэмакратычнага свету.

Яўген Вапа: Канферэнцыя адбывалася ў цяні агульнабеларускай сітуацыі і справы з палітвязнямі і далейшым пераследам і рэпрэсіямі, якія ўзрастаюць у Беларусі. Гэта злачынства супраць уласнага народа, за якое нясецца найвышэйшая мера адказнасці. Сама беларуская дыяспара няўзмозе знайсці канала ані камунікацыі з уладай, ані ўплыву, і кожны голас – гэта розныя прапановы. Апрача заклікаў, якія робяць еўрапейскія структуры, дамовіцца, апеляваць да сумлення дыктатуры ў Беларусі. Гэтыя спадзяванні на добрую  гуманітарную рэакцыю дыктатара проста смешныя. З другога боку, бачым большыя персанальныя санкцыі на сам рэжым, ці не даваць санкцыяў. І ўсе жывуць у цяні вайны, як будуць Расея з Амерыкай дамаўляцца. І самае важнае, дзеля спакою і будучыні, і гэта гаварылі з трывогай усе прысутныя, што для многіх на Захадзе Лукашэнка пачынае граць ролю ізноў пасярэдніка ў розных справах, будзе з’яўляцца як чалавек, дыктатар, якога варта ізноў надалей пакінуць і не чапаць яго ані санкцыямі, ані просьбай вызваліць палітвязняў. Тут усе сапраўды не ведаюць, якія ёсць рэальныя рычагі ўздзеяння. Тут усё адбываецца ў цяні вайны. Калі Украіна будзе выйграваць, шанцы на тое, што палітвязні будуць выпускацца, будуць большыя. Гэта маё меркаванне. Толькі перамога Украіны дае шанец на нейкія змены ў падыходзе да вызвалення палітвязняў у Беларусі.

РР: Вы чалавек, звязаны з медыямі многа гадоў. Ці маюць беларускія дэмакрытычныя сілы план ужо нават не на развіццё, а на пратрыванне вольных медыяў?

Яўген Вапа: Згодны, ператрываць вельмі цяжка ўсім, у тым ліку і Беларускаму Радыё Рацыя. Гэта вынікае з таго, што змена фарматаў палітычнага свету, свету ваеннага ўплывае на тое, што адбываецца. У выпадку беларускіх медыяў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, неабходная падтрымка ў разуменні, што гэта працэс даўгапланавы, і дэмакратычная Беларусь не можа быць без незалежных медыяў. Гэта ўсе разумеюць, але ёсць пытанне – і тут ізноў башня Крамля кідае свой вялікі цень на беларускія медыя, – бо “может важнее независимые русские медия, которые будут говорить на общепонятном?” І гэта чарговая пастка, у якую трапляюць беларускія медыя. Беларускія медыя маюць зараз менавіта тую праблему, што рэпрэсіі супраць сем’яў журналістаў у самой Беларусі ёсць спосабам вельмі вялікага ціску. І гэта аграмадная праблема. Тое, што не ўдаецца закрыць інтэрнэт-прасторы ў Беларусі, дазваляе многім карыстацца і тут вельмі вялікая роля, напрыклад, нашага Беларускага Радыё Рацыя, якое людзі слухаюць у машынах, дома. І гэта людзям не стварае праблемаў. Радыё Рацыя – ёсць вельмі важным пунктам на мапе незалежных інфармацыйных выданняў для незалежнай дэмакратычнай навіннай прасторы Беларусі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя