Віртуальны кандыдат Ясь Гаспадар, як інфармацыйны праект, можа з’явіцца падчас так званых выбараў у Беларусі. Яго плануюць прадставіць дэмакратычныя беларускія партыі. Пра гэта 8 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Вільні па выніках працы партый паведаміў дырэктар цэнтра “Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька.
Паводле палітыка, гэты праект зараз актыўна абмяркоўваецца з удзелам шэрагу грамадскіх ініцыятываў:
– Ёсць фэйкавыя псеўдавыбары, абсалютна зразумела, што ніякай цікавасці ў людзей няма. І тут паўстае пытанне, ці можам мы выкарыстаць гэта нейкім чынам для сваіх мэтаў і задач. Бо ўсё роўна ўлада будзе навязваць сябе, прыходзіць у кожны дом, у кожны працоўны калектыў. Сваімі абсалютна шэрымі кандыдатамі, пустымі праграмамі, якое будзе выклікаць у людзей толькі адмоўныя эмоцыі. Таму ўзнікла такая ідэя, а чаму б не зрабіць такога віртуальнага кандыдата, які мусіў быць, каб у Беларусі былі сапраўдныя выбары.
Як зазначыў выконваючы абавязкі старшыні партыі БСДП “Народная Грамада” Яўген Вільскі, агульнай пазіцыі наконт так званых выбараў у прадстаўнікоў беларускіх партый няма:
– Няма агульнага стаўлення. Частка партый гатова была падтрымаць выбары ў Беларусі, а частка тых, гэта ў асноўным старыя дасведчаныя партыі, адразу сказалі, што няма ніякіх выбараў у Беларусі, няма чаго ў гэтым фарсе ўдзельнічаць. У тым ліку і наша партыя, мы заўсёды стаялі на жорсткіх пазіцыях, што ў канцлагеры выбараў няма і быць не можа. Тым не менш ёсць беларускія партыі, якія былі гатовыя ўдзельнічаць у выбарах.
Паводле Яўгена Вільскага, большасць партый супраць удзелу ў так званых выбарах, але за тое, каб праводзіць інфармацыйную кампанію па тлумачэнні. А іх партыя заняла яшчэ больш жорсткую пазіцыю – ігнараваць усю гэтую кампанію.
“Няхай Лукашэнка сам-насам гуляецца там у сваёй пясочніцы з кім захоча”, – падсумаваў палітык.
Беларускае Радыё Рацыя