Дэмакратычныя сілы прынялі заяву пра “бязвыбары” прэзідэнта 2025 года ў Беларусі. У сераду стала вядома, што іх прызначылі на 26 студзеня.

Заяву падпісалі Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі і Каардынацыйная рада Беларусі. У ёй агучаныя патрабаванні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: спыненне ўсіх відаў рэпрэсій, вызваленне ўсіх палітзняволеных, рэалізацыя права ўсіх грамадзян Беларусі на поўнавартасны ўдзел у выбарах, незалежна ад месца жыхарства, забеспячэнне свабоды сходаў і роўнага доступу да СМІ, правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў.
Дэмакратычныя сілы нагадваюць, што Аляксандр Лукашэнка “незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсій супраць беларускага грамадства, абапіраючыся на падтрымку Крамля”.
Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя рэжымам, мы лічым тое, што адбудзецца ў 2025 годзе, імітацыяй выбарчага працэсу і прапануем выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу, – гаворыцца ў заяве.






