Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка падчас сустрэч з еўрапейскімі партнёрамі заклікалі іх не прызнаваць вынікаў будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, бо адсутнічаюць умовы для іх свабоднага правядзення. Як паведамляе прэс-служба Латушкі, падчас сустрэчы палітыка з пастаяннай прадстаўніцай Нямеччыны пры АБСЭ Зузанэ Шуц яна «была праінфармаваная аб рэпрэсіях у Беларусі, у тым ліку ў дачыненні да былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія знаходзяцца ў турмах.
Паводле інфармацыі галоўнай дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, дэмакратычная лідарка правяла ў Вільні сустрэчу з літоўскімі дэпутатамі Еўрапарламенту Андрусам Кубілюсам і Расай Юкнявічэне, на якой таксама абмяркоўвалася стратэгія дэмсіл перад выбарамі 2025 года. Ціханоўская «нагадала літоўскім дэпутатам аб тым, што выбары не будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі і не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю».
Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. 14 жніўня аб’яднанне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары запланаваны на 23 лютага 2025-га.
Беларускае Радыё Рацыя