BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дэмсілы анансавалі хуткае пашырэнне кола партнёраў Міжнароднага гуманітарнага фонду

Пра хуткае пашырэнне кола партнёраў Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням было заяўлена 11 кастрычніка на пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).
Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, запрошаны на пасяджэнне галоўны саветнік дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў удзельнікам сустрэчы пра зрухі ў справе стварэння міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным і іх сем’ям, заснавальнікам якога раней выступіла Нарвегія, зрабіўшы першы грашовы ўзнос”.

“Пасля перамоў у Осла стала вядома, што ў бліжэйшы час да фонду далучацца яшчэ некалькі краін Еўропы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Прадстаўнік АПК па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка паведаміў удзельнікам пасяджэння аб падрыхтоўцы да “Стратэгічнага дыялогу з ЗША, які адбудзецца ў пачатку снежня 2024 года”, “узгадненні падыходаў да правядзення ацэнкі патрэбнасцей беларускай грамадзянскай супольнасці”, а таксама пра “шэраг мерапрыемстваў” Тыдня Беларусі” ў Бруселі, запланаванай на сярэдзіну снежня”.

Аб фармаванні Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням было абвешчана ў красавіку падчас візіту Ціханоўскай у Нарвегію. Афіцыйны Осла стаў першым, хто заявіў, што зробіць унёсак – 10 млн нарвежскіх крон (гэта каля 850 тыс. еўра).

У канцы траўня міністр міжнароднага развіцця, супрацоўніцтва і знешняга гандлю Швецыі Ёхан Форсель паведаміў, што Стакгольм выдаткуе 5 млн шведскіх крон (ці каля 430 тыс. еўра) для фонду.

Беларускае Радыё Рацыя