Беларускія палітвязні, якія былі дэпартаваныя з Беларусі на тэрыторыю Украіны, ужо накіроўваюцца ў Польшчу. Пра гэта паведаміў прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў. Паводле яго слоў, прыбыццё групы ў Варшаву чакаецца сёння ўвечары.

Як адзначае дырэктар Праграмы расейскіх і беларускіх студый Яраслаў Чарнагор, выбар Украіны як першага пункта для дэпартацыі мае не толькі лагістычнае, але і выразнае палітычнае значэнне:
– Афіцыйна тое, што няма ў іх дакументаў, а другое – спроба Лукашэнкі неяк паказаць гатовасць да перамоваў з Украінай. Лукашэнка будзе шукаць нейкія кропкі дотыку для легалізацыі ў прасторы, змяншэння санкцыйнага ціску. Беларусь у нас прызнаецца як агрэсар, але пад ціскам амерыканцаў пазіцыя Украіны можа змяніцца.
Паводле Чарнагора, такі маршрут дазваляе ацаніць рэакцыю міжнароднай супольнасці і ўнутраныя механізмы Беларусі без прамой эскалацыі. Эксперт таксама прагназуе магчымыя наступныя дэпартацыі беларускіх палітвязняў праз Украіну, разглядаючы цяперашні выезд як своеасаблівы «тэст» перад далейшымі крокамі ў гэтым напрамку.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






