Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы патлумачыў, каго з беларусаў могуць прызнаць пагрозай для нацыянальнай бяспекі. Гэта людзі, якія працавалі ў сілавых структурах ці на стратэгічных аб’ектах, піша LRT.

“Сярод тых беларусаў, пражыванне якіх у Літве ўяўляе пагрозу бяспецы, каля 60% працавалі ў сістэме ўнутраных спраў або дзяржаўных установах, каля 30% служылі ва ўзброеных сілах, да 10% працавалі ў ваеннай прамысловасці або на іншых стратэгічных аб’ектах”, – заявілі ў ДДБ.
У ДДБ падкрэслілі, што пражыванне беларускіх мігрантаў у Літве дае беларускім спецслужбам магчымасць пашыраць сваю дзейнасць.
«Па дадзеных ДДБ, большасць мігрантаў з Беларусі – эканамічныя мігранты, і толькі частка беларусаў, якія пражываюць у Літве, удзельнічае ў розных апазіцыйных мерапрыемствах. Гэта адкрывае перад беларускімі спецслужбамі магчымасці для пашырэння сваёй дзейнасці і выкарыстання лаяльных рэжыму асобаў супраць інтарэсаў Літвы», – заявілі ў ДДБ.
У 2023 годзе ДДБ правёў 121 577 ацэнак пагроз, якія магчымыя ад замежнікаў. У дачыненні да 1415 чалавек прыняты рашэнні пра тое, што яны ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы. З іх 80% былі грамадзянамі Беларусі, большасць былі звязаныя з рэжымам Лукашэнкі.






