BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Добрага спосабу забіць чалавека проста не існуе»: агляд міжнароднай прэсы

Галоўны абвінавачаны ў арганізацыі тэрактаў 11 верасня 2001 года ў ЗША Халід Шэйх Махамед і двое яго саўдзельнікаў заключылі здзелку з ваеннымі пракурорамі ЗША. У Грузіі ўступіў у сілу закон аб «іншаагентах». Украіна часова прыпыняе выплаты па знешніх даўгах.

Навіны міжнароднай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.

Галоўны абвінавачаны ў арганізацыі тэрактаў 11 верасня 2001 года ў ЗША Халід Шэйх Махамед і двое яго саўдзельнікаў заключылі здзелку з ваеннымі пракурорамі ЗША, у выніку якой, як піша амерыканская прэса, яны пазбегнуць смяротнага пакарання, а сістэма правасуддзя ЗША – знясільваючага судовага працэсу.

Пра здзелку з абвінавачаннем аб’явіў Пентагон, не растлумачыўшы пры гэтым, якія яе ўмовы, але газета New York Times даведалася, што абвінавачаныя пагадзіліся прызнаць віну і атрымаць пажыццёвае зняволенне замест смяротнага пакарання.

У Грузіі ў чацвер, 1 жніўня, уступіў у сілу закон “Аб празрыстасці замежнага ўплыву”, які выклікаў масавыя пратэсты ў краіне. Прававая норма абавязвае няўрадавыя арганізацыі і СМІ, якія атрымліваюць не менш як 20 працэнтаў сваіх даходаў з-за мяжы, зарэгістравацца ў Нацыянальным агенцтве публічнага рэестра.

Арганізацыі, на якія распаўсюджваецца дзеянні закона, абавязаны штогод падаваць Мінюсту дэкларацыю аб даходах і расходах. Ухіленне ад гэтых патрабаванняў пагражае штрафам у памеры 25 тысяч лары (каля 8, 5 тысячы еўра).

Украіна часова прыпыніць выплаты па знешніх даўгах з чацвярга, 1 жніўня, паведамляе агенцтва Reuters. Напярэдадні прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі падпісаў адпаведны закон, які дае магчымасць прыпыніць такія выплаты да 1 кастрычніка 2024 года. Першая выплата па даўгах павінна была таксама адбыцца 1 жніўня.

Вярхоўны суд Паўднёвай Караліны пастанавіў, што штат можа пакараць смерцю прысуджаных да вышэйшай меры пакарання пры дапамозе расстрэлу, смяротнай ін’екцыі або электрычнага крэсла. Рашэнне такім чынам адкрывае шлях да аднаўлення пакаранняў смерцю ў штаце пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку, паведамляе Associated Press.

Усе пяць суддзяў Вярхоўнага суда прынамсі часткова пагадзіліся з рашэннем. Аднак двое з іх выказалі занепакоенасць наконт законнасці выкарыстання расстрэльнай каманды, а адзін палічыў пакаранне на электрычным крэсле занадта жорсткім пакараннем.

“Мы пачалі з прызнання таго факту, што добрага спосабу забіць чалавека проста не існуе”, – напісаў суддзя Джон Ф’ю.

У ЗША смяротнае пакаранне дазволена ў 27 штатах, але толькі ў сямі з іх за апошнія тры гады смяротныя прыгаворы прыводзіліся ў выкананне.

Беларускае Радыё Рацыя