У панядзелак, 20 студзеня, Дональд Трамп і яго віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс прынеслі прысягу ў ратондзе Капітолія ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, перадае bbc.com.
Затым Трамп выступіў з прамовай, у якой паабяцаў зрабіць хуткія рашучыя крокі, «каб зрабіць Амерыку зноў вялікай». “Залаты век Амерыкі пачынаецца наўпрост зараз”, – заявіў 47-ы амерыканскі прэзідэнт.
Інаўгурацыя гэтым разам прайшла не на адкрытым паветры, а ў ратондзе будынка Кангрэса з-за марознага надвор’я. Для Трампа гэта ўжо другая інаўгурацыя: у 2017-2021 гадах ён быў 45-м прэзідэнтам ЗША.
Падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы Дональд Трамп паабяцаў першым сваім указам увесці надзвычайнае становішча на мяжы ЗША і Мексікі.
«Мы пачнем працэс вяртання мільёнаў і мільёнаў нелегальных іншаземцаў туды, адкуль яны прыехалі», — заявіў ён.
Акрамя таго, Трамп паабяцаў падпісаць указ аб неадкладнай адмене ўсёй урадавай цэнзуры, каб вярнуць свабоду слова ў Амерыку. Прытым, па словах Трампа, з сённяшняга дня афіцыйная палітыка ЗША заключаецца ў прызнанні толькі двух гендараў — мужчынскага і жаночага.
Таксама ён хоча абвясціць рэжым надзвычайнага становішча ў ЗША ў сферы энергетыкі для стымулявання здабычы энергарэсурсаў, а наркакартэлі вырашыў абвясціць тэрарыстычнымі арганізацыямі.
«Мы будзем займацца бурэннем. Мы будзем выкарыстоўваць нашыя вялізныя радовішчы нафты», — заявіў новы прэзідэнт ЗША.
Трамп назваў сябе міратворцам, а яшчэ ўспомніў замах на яго і дадаў, што «быў выратаваны Богам, каб зноў зрабіць Амерыку вялікай».
Таксама ён паўтарыў дадзеныя яшчэ да інаўгурацыі абяцанні перайменаваць Мексіканскі заліў у заліў Амерыкі, а таксама вярнуць ЗША кантроль над Панамскім каналам. Прагучала і новае абяцанне — паставіць амерыканскі сцяг на Марсе.
Пры гэтым Дональд Трамп ні разу не згадаў у сваёй прамове пра Украіну і Расію. Ён заявіў толькі пра намер пабудаваць «самую моцную армію, якую калі-небудзь бачыў свет», адзначыўшы, што ваенны поспех ЗША з гэтага часу будзе вымярацца «не толькі перамогамі ў бітвах, але і войнамі, якіх удалося пазбегнуць».