
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў на пасаду дарадцы па бяспецы кангрэсмена Майка Уолца, былога афіцэра спецназу, які выступае за ўрэгуляванне расейска-ўкраінскага канфлікта шляхам перамоваў. Пра гэтае прызначэнне Трамп абвясціў у сацыяльнай сетцы Truth Social.
Паводле Трампа, Уолц будзе вялікім прыхільнікам імкнення да «міру з дапамогай сілы”. Таксама ён назваў Уолца «экспэртам па пагрозах, якія паходзяць ад Кітаю, Расеі, Ірану і глабальнага тэрарызму».
Майк Уолц вядомы як прыхільнік рашучай замежнай палітыкі, асабліва ў дачыненні да Кітаю і Ірану.
Уолц, які служыў у сілах спецыяльнага прызначэння падчас ваеннай кампаніі ў Афганістане, рэзка крытыкаваў рашэнне адміністрацыі Байдэна аб вывадзе войскаў з гэтай краіны.
Таксама Уолц вядомы як рэзкі крытык расейскага ўраду. Пры гэтым ён адзначаў, што цяперашняя палітыка ЗША па нарошчванні абаронных магчымасцяў Украіны павінна перайсці ў намаганні па ўрэгуляванні канфлікту шляхам перамоваў.
«Проста ўліваць яшчэ больш мільярдаў — гэта цяпер вызначэнне вар’яцтва», — падкрэсліваў Уолц.
Беларускае Радыё Рацыя






