Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што геапалітычная будучыня краіны выглядае аптымістычна, але ўсё будзе залежаць ад таго, як завершыцца вайна ва Украіне. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю выданню Gazeta Wyborcza.

«Мы павінны засяродзіцца на дапамозе Украіне, таму што калі яна прайграе вайну, сітуацыя ў Польшчы радыкальна пагоршыцца. Хаця і тут я ўмераны аптыміст. Няма аб’ектыўных прычын, паводле якіх Украіна павінна прайграць», — адзначыў Туск.
Кіраўнік польскага ўрада таксама падкрэсліў неабходнасць будаваць трывалае і сяброўскае партнёрства з Украінай, адначасова памятаючы пра нацыянальныя інтарэсы Польшчы.
Акрамя таго, Туск нагадаў пра інцыдэнт у ноч з 9 на 10 верасня, калі расейскія дроны парушылі паветраную прастору Польшчы. Паводле яго слоў, гэта стаў «паваротным момантам канфлікту», а рашэнне аб магчымым збіцці беспілотнікаў было складаным.
«Гэта было няпроста, бо ніхто не хоча пераступіць мяжу і выпадкова распачаць Трэцюю сусветную вайну», — патлумачыў польскі прэм’ер.





