Не-не, гэта не абмеркаванне нашумелага фільма за куфлем піва з сябрамі; не суб’ектыўная думка ў каментарах на Facebook; нават не злавеснае трызненне «зліўных бачкоў» з расейскіх тэлеэкранаў. Гэта абвінавачанне афіцыйнай прадстаўніцы Міністэрства замежных спраў РФ — прэс-сакратаркі Марыі Захаравай, зробленае ў яе Telegram-канале.

Па кім жа так недыпламатычна «праехалася» дыпламатычная асоба? І ў чым сутнасць гэтага абвінавачання? Ні многа ні мала, абвінавачаныя — прэзідэнт Францыі, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і новы канцлер Германіі. Паводле версіі Захаравай, сеўшы ў цягнік пасля візіту ў Кіеў, яны пачалі ўжываць наркотыкі.
Дрэнныя дзядзькі страцілі апошнія рэшткі асцярожнасці і нават не паспелі схаваць сляды злачынства — пакецік і лыжачку — перад прыходам журналістаў. Каб надаць вагі сваім словам, Захарава спаслалася на нейкую “даўнюю размову” з нейкім заходнім паслом, які быццам бы казаў, што многія еўрапейскія лідары «сядзяць на наркотыках», і для іх гэта, маўляў, звычайная справа – амаль як ранішняя кава. Для большага эфекту яна яшчэ апублікавала відэа: на ім, паводле яе слоў, прэзідэнт Францыі нібыта прыбірае «белы пакецік», а нямецкі канцлер трымае «шкляны прадмет» — намёк на какаін і трубку.
Мы гэта ўжо праходзілі: сучасныя фашысты абвінавачваюць у фашызме сваіх ахвяр; прэс-алкашэ, пардон, прэс-сакратарка МЗС РФ Захарава, якая, здаецца, ужо зраслася з келіхам, абвінавачвае заходніх лідараў у залежнасцях; а намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Мядзведзеў у моманты алкагольнага дылірыю пагражае знішчыць увесь свет. Галоўная зорка канцэртаў — Шаман —
адкрыта зігуе да Дня Перамогі, а Салаўёў з Кісялёвым заклікаюць да генацыду ўсіх і ўсяго. Как же Родине служить, коль не нюхать и не пить!
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: .point.md






