BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Другая акцыя ў падтрымку Васіля Верамейчыка прайшла ў Вільні

Другая акцыя ў падтрымку Васіля Верамейчыка прайшла ў сталіцы Літвы. Яна адбылася 27 лістапада ля Сейма Літвы і сабрала каля 100 чалавек.

Арганізавалі акцыю фонд «Дапамога» на чале Наталлі Калегавай і клуб «Ліцвіны» пад кіраўніцтвам Сяргея Шалыгіна пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Рады ды іншых беларускіх арганізацый. Сама нацыянальная лідарка зараз знаходзіцца з візітам у Канадзе, таму на акцыі ад Офіса выступіў Данііл Гаркавы, кіраўнік аддзела знешніх сувязяў.

– Светлана, безумоўна, будзе сустракацца з новымі міністрамі літоўскага ўраду, і ў межах гэтага будзем супрацоўнічаць з беларускімі праваабаронцамі, будзем збіраць зваротную сувязь ад беларусаў, якія жывуць у Літве, каб у чарговы раз абнаўляць тую праблематыку, якая актуальная на дадзены момант.

Святлана, як заўжды і адбываецца, абмяркоўвае гэтыя пытанне і сумесна спрабуе знайсці выйсце з той сітуацыі, якая склалася. Атрымліваецца, на жаль, не заўжды, як мы бачым па цяперашніх падзеях, але тым не менш , што можам, тое і робім.

Падчас акцыі выступілі былыя і цяперашнія ваяры – Аляксандр Клачко, (Рымас “Дзед” Армайціс, добраахвотнік ва Украіне, Вадзім Кабанчук АПК, намеснік па абароне – па тэлефоннай сувязі), сябры Каардынацыйнай рады – Станіслава Гліннік, Вольга Вялічка, беларускія палітыкі ды іншыя актывісты.

Таксама прыйшлі падтрымаць беларусаў літоўскія актывісты і палітыкі. Сярод іх быў і чалец Парламента Літвы Альгердас Сісас:

–  Большасць беларусаў працуе тут, плацяць падаткі, жывуць і нейкіх вялікіх праблем няма. Канешне, нашы сілавыя структуры павінны выконваць свае абавязкі. Проста часам фармальнасць пераходзіць у нейкую закамплексаванасць. Вось я ведаю справу, што будзе суд па жанчыне, якой 90 год і якую хочуць дэпартаваць. Мне падаецца, гэта і сумна, і смешна. Таму я чакаю, што будзе новы міністр унутраных спраў, і можа зможам гэтыя праблемы рашаць па-іншаму.

Падчас акцыі беларусы збіралі подпісы пад зваротам да літоўскіх уладаў у падтрымку Васіля Верамейчыка ды іншых беларусаў, а таксама заклікалі падпісаць петыцыю ў інтэрнэце па спасылцы.

Яны  звярнуліся да літоўскіх уладаў з заклікам перагледзець справу Васіля Верамейчыка і максімальна абачліва разглядаць міграцыйныя справы ўсіх беларусаў, пераглядзець падыходы да разгляду спраў пра міжнародную абарону, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставін кожнага выпадку.

А таксама просяць Літву быць на чале міжнароднай ініцыятывы па прызнанні Васіля ваеннапалонным і спрыяць уключэнню Васіля Верамейчыка ў фонд абмену вайсковымі палоннымі, спыненню супрацоўніцтва з сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь, прыпыненню двухбаковых дагавораў аб экстрадыцыі і прававой дапамозе з Рэспублікай Беларусь.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя