BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі

фота ілюстрацыйнае, EPA/ROBERT GHEMENT

У Румыніі 18 траўня праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Іх ужо называюць паваротным момантам у гісторыі краіны. Лідар правага “Альянсу за аб’яднанне румынаў” Джорджэ Сіміён супернічае за пост прэзідэнта з цяперашнім мэрам Бухарэста Нікушорам Данам.

Першы тур з істотнай перавагай выйграў 38-гадовы Джорджэ Сіміён, які набраў амаль 41% галасоў.

Сіміён перамог у 36 з 47 акругаў Румыніі, саступіўшы толькі ў вялікіх гарадах, найбольш за яго суперніка прагаласавалі ў сталіцы Бухарэсце. Затое на баку кандыдата з апазіцыі апынуліся выбарцы з сельскай мясцовасці і тыя, хто расчараваўся ў румынскім цяперашнім істэблішменце.

Напомнім, што гэта ўжо другая спроба абраць прэзідэнта Румыніі. Раней Канстытуцыйны суд нечакана адмяніў вынікі ранейшых выбараў, на якіх у першым туры лідыраваў Кэлін Джарджэску, якога праўладныя і ліберальныя сілы называаюць ультранацыяналістам і якога звінавацілі ў сувязях з Масквой. Доказаў гэтаму, аднак, пакуль не было прадстаўлена. А Джарджэску, на думку многіх, незаконна пазбавілі права далей удзельнічаць у выбарах.

Пасля выключэння Джарджэску з выбарчай гонкі выбарцы згуртаваліся якраз вакол Сіміёна, які паабяцаў, што ў разе сваёй перамогі прызначыць Джарджэску на пасаду прэм’ер-міністра.

Імідж Сіміёна – простага і далёкага ад палітычнага афіцыёза кандыдата – стаўся запатрабаваным сярод выбарцаў, якія стаміліся ад цяперашняй палітычнай эліты і ўспрымаюць “Альянс за аб’яднанне румынаў” (AUR) як альтэрнатыву сфармаванай нязменнай сістэме.

Сіміён у сваёй кампаніі узняў лозунг “Зробім Румынію зноў вялікай” па аналогіі з выбарчым дэвізам Дональда Трампа.

“Мы – партыя, якая зробіць Румынію моцным партнёрам у НАТО і надзейным саюзнікам Злучаных Штатаў” – казаў Сіміён цягам кампаніі.

Джорджэ Сіміён публічна асуджае агрэсію Расеі супраць Украіны і называе Пуціна ваенным злачынцам. Пры тым выступае за абмежаванне паставак зброі Украіне. Сіміён вядомы сваім еўраскептыцызмам.

“Я люблю сваю краіну і лічу, што румынскія студэнты, румынскія фермеры, румынскія пенсіянеры павінны мець прыярытэт” – заяўляў Сіміён на дэбатах. Да яго кандыдатуры насцярожана ставяцца афіцыйныя Кіеў і Кішынёў.

Супернік Сіміёна – цяперашні мэр Бухарэста Нікушор Дан. 55-гадовы палітык, матэматык па адукацыі, стаў вядомы, калі выступіў супраць карупцыі ў сферы гарадской забудовы. Яшчэ ў 2006 годзе ён заснаваў грамадзняскую асацыяцыю “Выратуем Бухарэст”, якая праз суды дамагалася адмены незаконных дэвелоперскіх праектаў. Пазней Дан стаў адным з заснавальнікаў партыі “Саюз выратавання Румыніі” (USR), а ў 2020 годзе быў абраны мэрам сталіцы як незалежны кандыдат.

Дан выступае за эканамічныя рэформы, скрачэнне дэфіцыту бюджэта і ўмацаванне сувязяў Румыніі з Еўразвязам.

Вырашальным фактарам вынікаў галасавання можа стаць румынская дыяспара. Каля мільёна грамадзян Румыніі пастаянна пражываюць за мяжой і маюць права браць удзел у выбарах. У першым туры ажно 60,79% галасоў дыяспары было за Сіміёна, Дан атрымаў 25,61%. Дыяспара складае толькі 6% ад агульнай колькасці элктарату, але вылучаецца высокай палітычнай актыўнасцю і схільнасцю да правых патрыятычных ідэяў. Многія румыны, якія выехалі з краіны, вінавацяць у сваёй эміграцыі карумпаваны ўладны істэблішмент.

Беларускае Радыё Рацыя