BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дуда назваў Лукашэнку “лялькай Пуціна” і абвінаваціў яго ў атаках на Польшчу

Толькі Расея вінаватая ў вайне супраць Украіны, аднак Уладзімір Пуцін дзейнічае не адзін – яму дапамагае Аляксандр Лукашэнка, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на саміце ў швейцарскім Бюргенштоку.

“Звяртаюся да ролі, якую лялька Пуціна Лукашэнка адыграў у гэтай вайне. Ён не толькі дазволіў войску Расеі напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі, але і ініцыяваў шэраг гібрыдных атак супраць Польшчы і балтыйскіх дзяржаў”, – сказаў Дуда. Паводле яго слоў, гэтыя атакі працягваюцца больш за тры гады.

Саміт па Украіне праходзіць 15-16 чэрвеня. У ім бяруць удзел 92 дзяржавы і 8 міжнародных арганізацый. Ні Расея, ні Беларусь не запрошаны. Беларускія чыноўнікі неаднаразова называлі сустрэчу бессэнсоўнай без удзелу Масквы.

На пасяджэнні Савета нацбяспекі Польшчы 10 чэрвеня ў Беластоку Дуда заявіў, што за апошні час на ўсходняй мяжы ўчынена 50 нападаў на жаўнераў.

6 чэрвеня стала вядома аб смерці ваеннаслужачага 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітэк падвергся нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня ў Польшчы была створана буферная зона, якая ахоплівае ўчастак мяжы з Беларуссю працягласцю 60 км у межах тэрыторый памежных пастоў у Нараўцы, Белавежы, Дубічы-Царкоўне і Чаромсе. Забарона на знаходжанне ў гэтай зоне ўведзена на 90 дзён.

Беларускае Радыё Рацыя