Палітычная дынаміка 2026 году, ці можам зафіксаваць, што цяпер актывізавалася крытыка дзейнасці Офісу Святланы Ціханоўскай, асабліва ў сувязі з палітыкай, якая б прывяла да вызвалення палітвязняў. Гэтыя ды іншыя пытанні далей закранаем і аналізуем разам з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.

– Я не заўважыў нейкага ўсплёску, можа, таму што я не адсочваю ўсе такія крытычныя допісы ў “Фэйсбуку”, бо, шчыра кажучы, я ў іх нічога новага не знаходжу. Сапраўды з аднаго боку ёсць за што крытыкаваць Ціханоўскую і яе каманду, з іншага боку не могуць яны скочыць вышэй у сітуацыі, калі ідзе контррэвалюцыя ў Беларусі. Жорсткія рэпрэсіі прымусілі ўсіх замаўчаць, нават тых, хто катэгарычна нязгодны з палітыкай цяперашняй беларускай улады. І тут думаць, што Ціханоўская зробіць нейкую рэвалюцыю, прынясе ў Беларусь дэмакратыю – нерэальна.
Але людзі стаміліся, прайшло пяць год пасля памятных тых падзей, і таму тут адбываецца такая фрустрацыя так бы мовіць, скінуць Лукашэнку нельга, дык некаторыя займаюцца тым, што хочуць скінуць Ціханоўскую. Хаця тут пры ўсіх нейкіх прэтэнзіях да яе і яе офісу варта разумець адну простую рэч, што калі ўявіць сабе, што збіраюць нейкі эмігранцкі кангрэс, абіраюць іншага лідара на хвалі гэтай незадаволенасці, то да гэтага чалавека не пяройдзе легітымнасць Ціханоўскай. Так, яна таксама не “тэфлонавая” гэтая легітымнасць, з гадамі яна пакрысе размываецца. Ужо ў Беларусі многія з тых палітычных неафітаў, якія ў 2020 годзе падтрымлівалі Ціханоўскую, цяпер зноў апусціліся ў “бытавуху”. Яны не цікавяцца палітыкай і ўжо не памятаюць пра тую Ціханоўскую і не адсочваюць хроніку яе нейкіх візітаў, фатаграфаванне з заўважнымі палітычнымі заходнімі гульцамі. Гэта натуральны працэс. Але любы новы чалавек, калі ён прыйдзе на гэтую пасаду, так бы мовіць, дэмакратычнага лідара Беларусі, не будзе мець гэтага палітычнага капіталу, іміджавага капіталу. І я тут згадваю прыклад, калі пасля выбараў 2006 года, калі быў адзіны кандыдат ад апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, праз нейкі час іншыя апазіцыйныя правадыры вырашылі яго таксама пасунуць, маўляў, давайце ратацыйны ўвядзем прынцып, каб па чарзе, там па некалькі месяцаў той ці іншы старшыня, правадыр узначальваў усе дэмакратычныя сілы. У выніку ніхто з іх не ўзняўся да той ступені “раскручанасці” і папулярнасці, як у свой час Мілінкевіч, і міжусобіца ў дэмакратычных сілах толькі абвастрылася.
Гэта заганны шлях, і, як гумавую грушу, некаторыя “малоцяць” гэтую Ціханоўскую ад таго, што няма сілы на тое, каб неяк скінуць гэты рэжым.
РР: Мы так доўга назіраем за беларускай апазіцыяй. А калі яны ўвогуле аб’ядноўваліся і нешта рабілі самі?
Аляксандр Класкоўскі: Вось я прывёў прыклад 2006 года. Але, кладучы руку на сэрца, і тады не было поўнага аб’яднання, таму што быў яшчэ адзін альтэрнатыўны кандыдат, яшчэ адзін супернік Лукашэнкі – Аляксандр Казулін. І тады хто кольвек пагаворваў і пра расейскі след у яго дзейнасці і пра нейкія расейскія грошы, але факт той, што сапраўды поўнага адзінства не было, бо Казулін быў даволі папулярнай фігурай і пэўную частку галасоў дэмакратычнага электарату, напэўна, на сябе адцягнуў.
У іншыя перыяды і гэтага не было. Такім апафеозам раздробленасці былі выбары 2010 года, калі аж 9 альтэрнатыўных кандыдатаў было, Лукашэнка быў дзясятым, удзельнічалі ў гэтай перадвыбарчай гонцы і натуральна яны расцягнулі па драбніцах галасы вось гэтага пратэставага электарату. І Плошчы не атрымалася, таму што не было агульнага плана. Дакладней, яна атрымалася проста таму, што выйшла шмат людзей, але нейкай арганізацыі, нейкага плана дзеянняў не было.
Цалкам гутарка:
Беларуская дэмакратычная супольнасць функцыянуе за мяжой, што стварае галоўную праблему, мінімальны ўплыў на падзеі ўнутры Беларусі з-за беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій. Галоўны парадк дня – міжнародная, адвакацыя правоў беларусаў ва ўсім свеце. Галоўныя структуры – Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада.
Беларускае Радыё Рацыя






