Падчас дзеяння ваеннага становішча ва Украіне адменены ўсе святочныя дні. Гэта цалкам лагічна – калі ўсё ў краіне пастаўлена на ваенныя рэйкі, пра якія святы можа ісці гаворка? Хоць гэта, у першую чаргу, датычыцца дзяржаўнага сектара, а бізнес мае права самастойна вызначаць графік сваёй працы. То бок афіцыйна няма ні святочных, ні скарочаных дзён напярэдадні, ні пераносаў выходных.

І Раство, якое ва Украіне цяпер адзначаецца 25 снежня (у чэрвені 2023 года Праваслаўная царква Украіны абвясціла аб пераходзе на новаюліянскі каляндар, а ўжо ў ліпені Вярхоўная Рада падтрымала змену даты Раства), і Новы год сталі звычайнымі працоўнымі днямі. Аднак, нягледзячы на вайну, украінцы ўсё ж традыцыйна рыхтуюцца да святаў. І не забываюцца пра сваіх абаронцаў. Праз валанцёраў перадаюць падарункі на перадавую: вайскоўцам важна адчуваць падтрымку і турботу.
У тыле таксама ёсць свае героі – энергетыкі, якія пастаянна ліквідуюць наступствы варожых абстрэлаў, каб мірныя людзі маглі сустрэць Новы год пры светле. Крамлёўскі монстар спрабуе пазбавіць свята ўкраінскіх дзяцей, але насуперак усяму ў школах і дзіцячых садах праходзяць навагоднія ранішнікі. У перапынках паміж сігналамі паветранай трывогі, зразумела. Няма феерверкаў і петард. Іх замянілі іншыя злавесныя гукі.
Затое ёсць адзінства і вера ў перамогу дабра над злом. Украінцы загадаюць адно жаданне на ўсю краіну. Не, два. А фігурант другога ўжо даўно сапсаваў сабе некралог.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя