New York Times апублікавала вялікае расследаванне, прысвечанае таму, дзе ў Беларусі можа захоўвацца расейская ядзерная зброя. Аўтары публікацыі прааналізавалі шматлікія здымкі, зробленыя са спадарожнікаў у розныя гады, паразмаўлялі з экспертамі па ядзернай зброі і кантролі над узбраеннямі, і прыйшлі да высновы, што гэта Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.
Адной характэрнай прыкметай такога пункту з’яўляецца схаваная зона пагрузкі, злучаная з падземным бункерам савецкіх часоў. У апошнія тыдні пачалося будаўніцтва, магчыма, новых будынкаў. Для абароны аб’екта таксама была ўсталяваная сістэма супрацьпаветранай абароны.
Эксперты дапускаюць, што ў Беларусі ёсць і іншыя месцы, дзе Расея можа захоўваць боегалоўкі. Размяшчаючы ядзерныя боегалоўкі ў Беларусі, Крэмль, відавочна, спрабуе ўзмацніць сваю ядзерную пагрозу і ўмацаваць свае сілы ядзернага стрымлівання, піша выданне.