550 украінскіх дзяцей забіла РФ з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, 1354 атрымалі раненні, 19 546 – дэпартаваных і прымусова перамешчаных, больш за 1,5 мільёна дзяцей знаходзяцца на часова акупаваных тэрыторыях, 2025 – знікла без вестак. Страшная статыстыка абнародавана ва Украіне ў Міжнародны дзень абароны дзяцей у 2024 годзе. Свята было заснавана ў лістападзе 1949 года ў Парыжы на Савеце Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын. Таго патрабаваў няпросты пасляваенны час, калі востра стаяла пытанне аб здароўі і дабрабыце дзяцей.
Праз 73 гады Расея скрала ва ўкраінскіх дзяцей не толькі свята – яна пазбавіла іх школьных успамінаў, сустрэч з сябрамі і натуральных дзіцячых забаў. Замест гэтага назаўжды пакінула ў памяці маленькіх украінцаў гук паветраных трывог і выбухаў; школьныя ўрокі ў бамбасховішчах і апошнія званкі на руінах школ; замяніла выгодныя хатнія ложкі на лаўкі ў метро. Адзін з самых уразлівых эфектаў вайны на дзяцей – страта бацькоў, прычым часта яны былі сведкамі іх гібелі.
На жаль, афіцыйная статыстыка не можа ахапіць усіх злачынстваў РФ супраць украінскіх дзяцей. Гэта тычыцца сэксуальнага гвалту і вярбоўкі, калі дзіця пад страхам смерці прымушаюць станавіцца так званым «агентам» і даносіць на сваякоў і суседзяў, а таксама інфармаваць аб размяшчэнні ўкраінскіх пазіцый. Тых дзяцей, хто вымушана аказаўся на расейскай тэрыторыі, пазбаўляюць нацыянальнай ідэнтычнасці, забіваючы ім у галовы асновы «русского мира». А гэта значыць, што адказнасць за злачынствы ляжыць не толькі на войску РФ: іх здзяйсняюць і прадстаўнікі сферы адукацыі.
Дзеці, якіх Украіне ўдалося вярнуць дадому, апавядаюць пра «патрыятычныя лагеры», дзе іх перавыхоўвалі з украінцаў у рускіх. Рана ці позна Расея адкажа за ўсе злачынствы, але, акрамя юрыдычнага фактару адплаты, ёсць «закон бумеранга», на які мы, людзі, не можам паўплываць. Але няхай гэта датычыцца толькі дарослых.
Беларускае Радыё Рацыя