Акцыі да Дня Волі праходзяць ва ўсім свеце, там, дзе жывуць беларусы. Але гэта не дае спакою рэжыму Лукашэнкі, які знаходзіць усё новыя спосабы пераследу грамадзян, нават тых, якія жывуць у эміграцыі. Не варта паддавацца на правакацыі і пагрозы рэжыму, але варта дбаць пра бяспеку сваю і сваіх блізкіх. Пра гэта – у сённяшнім каментары Рацыі.

Беларусы ў шматлікіх краінах свету ў гэтыя дні праводзяць імпрэзы, акцыі, сустрэчы, прымеркаваныя да 25 сакавіка – чарговых угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, першай незалежнай беларускай дзяржавы. У самой Беларусі святкаванні ў апошнія некалькі гадоў немагчымыя на фоне масавых рэпрэсій, але за мяжой ніхто не можа нам гэтага забараніць. Аднак, злачынствы рэжыму Лукашэнкі цяпер перакрочваюць межы, набываючы характар трансгранічных.
Так, Следчы камітэт папярэдзіў беларусаў за мяжой, патэнцыйных удзельнікаў акцый да Дня Волі, пра крымінальную адказнасць. Маўляў, усіх будзем ідэнтыфікаваць і пераследаваць, у тым ліку ў парадку так званай спецыяльнай вытворчасці. Гаворка ідзе пра “завочныя суды”, практыка правядзення якіх цяпер даволі распаўсюджаная. І хоць, жывучы ў эміграцыі, самі беларусы знаходзяцца ў бяспецы, але не варта ігнараваць такія заявы Следчага камітэта ды іншых сілавых структур.
СК не ўпершыню прыбягае да такіх пагроз. Такая ж сітуацыя была і летась на 25 Сакавіка, і сёлета на 26 студзеня, калі ў шматлікіх краінах, у тым ліку ў некалькіх гарадах Польшчы, прайшлі акцыі ў дзень так званых “прэзідэнцкіх выбараў” у Беларусі, на якіх Лукашэнка ў чарговы раз “элегантна пераабіраўся”. Пазней той жа Следчы камітэт заявіў, што ідэнтыфікаваў 365 удзельнікаў замежных акцый, на якіх распачатая крымінальная справа. Цяпер камітэт удакладніў, што падазраванымі па крымінальнай справе з’яўляюцца каля 400 чалавек, па месцы рэгістрацыі якіх былі праведзеныя вобшукі. Сілавікі шукаюць іншую маёмасць і нерухомасць гэтых асоб, каб накласці на яе арышт. Так што пагрозы ад Следчага камітэта сапраўды рэальныя і нясуць рэальную пагрозу. Але поўнасцю паддацца на гэтыя пагрозы – кепскае выйсце.
– Для нас важна быць разам у гэты дзень, але абавязкова захоўвайце меры перасцярогі, каб рэжым не мог вас ідэнтыфікаваць. Насіце маскі, акуляры, парыкі, – параіў беларусам палітык Павел Латушка. Варта прыслухацца да гэтай парады, але кожны прыме рашэнне пра ўдзел і фармат удзелу ў акцыях самастойна.
Акрамя таго, стала вядома і пра новую тактыку спецслужбаў, якія спрабуюць атрымаць інфармацыю пра беларусаў за мяжой. Як піша партал “Зеркало” са спасылкай на кіраўніка фонду салідарнасці BYSOL Андрэя Стрыжака, сілавікі пачалі выкарыстоўваць шантаж і ціск на сяброў і знаёмых актывістаў дыяспары. Яны прымушаюць блізкіх і знаёмых актывістаў выведваць важную інфармацыю пра жыццё беларускай эміграцыі, а за адмову супрацоўнічаць пагражаюць турмой і пераследам. Таму Андрэй Стрыжак таксама заклікае да асцярожнасці ў кантактах.
На жаль, мы жывём у такія часы, што паняцце “бяспекі” становіцца ўсё больш размытым, таму як ніколі важна дбаць пра гэтую бяспеку, і спосабаў гэта зрабіць ёсць дастаткова.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БСПР/нг