25 сакавіка беларусы Вільні адсвяткавалі Дзень Волі. Пачаўся ён з завязання бел-чырвона-белых стужак на беларускай рабінавай алеі каля Сейма Літвы, працягнуўся акцыяй на Лукішскай плошчы, а скончыўся мітынгам каля амбасады Беларусі і канцэртам гурта “Дай дарогу!”.

Як кажа вядоўца Дня Волі, ментарка валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” Таццяна, арганізатарамі свята выступіла некалькі арганізацый, але галоўным арганізатарам былі самі беларусы:

– Рыхтавалі насамрэч людзі, як заўжды, і калі казаць пра «Дапамогу» як арганізацыю, мы такая вельмі «плывучая» арганізацыя, у тым сэнсе, што ў нас ёсць касцяк валанцёраў, якія дапамагаюць людзям, што трапілі ў Літву, адаптавацца і інтэгравацца. Але, калі казаць пра мерапрыемствы, то гэта проста людзі, якія былі або рэлакантамі, якім дапамагла «Дапамога», або, бачачы дзейнасць арганізацыі, людзі ўдзельнічаюць і словам, і справай, і данатам.

Паводле ўдзельнікаў акцыі да Дня Волі, нягледзячы на запужванне беларусаў уладамі Беларусі крымінальнымі справамі ды іншым, гэта іх не спужала:
– Хочацца, каб яны баяліся, а не мы. Мы мусім адзначаць. Я вельмі натхнёная прыкладам літоўцаў, як яны шануюць свае нацыянальныя святы. Таму я хачу таксама адзначаць.
– Гэта вялікае свята для нас, гэта такі светлы, радасны дзень. Мы заўсёды яго адзначалі, калі жылі ў Менску. І дзе б мы не апынуліся, мы мусім памятаць гэты дзень.

Падчас Дня Волі выступілі дэпутаты Сейма Літвы Жыгімантас Павілёніс, Русланас Баранавас, Томас Тамілінас, якія ўваходзяць у групу “За дэмакратычную Беларусь”. Дарэчы, прамова апошняга была па-беларуску. Але самым моцным і яскравым быў выступ беларускага палітыка Паўла Севярынца, у якой ён нагадаў пра падзенне дыктатарскіх рэжымаў і абнадзеіў беларусаў.
Таксама з Днём Волі беларусаў Вільні ў запісы павіншавалі Івонка Сурвіла і Святлана Ціханоўская.
Цалкам матэрыялы:


























































Беларускае Радыё Рацыя






