BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзяніс Герасімчык: Стратэгічная мэта – вызваленне Беларусі

Полк імя Кастуся Каліноўскага надалей змагаецца за вызваленне Украіны, але галоўная мэта ў перспектыве – вызваленне Беларусі. Так кажа наш сённяшні Госць Рацыі, каардынатар руху «Каліноўцы» ў Варшаве, а ў прыватным жыцці – уласнік аўташколы Denis Drive у Варшаве, Уроцлаве і Гдыні, Дзяніс Герасімчык.

Размаўляем пра дзейнасць руху «Каліноўцы», пра полк Каліноўскага і пра дапамогу, якая ёсць патрэбная самому палку, ветэранам і параненым.

Дзяніс Герасімчык, каардынатар руху «Каліноўцы» ў Варшаве
Дзяніс Герасімчык, каардынатар руху «Каліноўцы» ў Варшаве

РР: Будзем размаўляць пра рух “Каліноўцы”. Ці правільна сказаць, што гэта грамадска-палітычнае прадстаўніцтва палка Каліноўскага?

– Так, можна сказаць, што ў арбіце палка не толькі ваяры ці былыя ваяры, добраахвотнікі, але гэта і людзі, якія падтрымліваюць полк, падтрымліваюць нашую працу на шляху да вызвалення Беларусі. Гэта людзі, у якіх жыццёвыя мэты супадаюць. То бок, можна сказаць, гэта біясістэма вакол палка Каліноўскага, дзе ядро — гэта сам полк, але кожны можа нас падтрымаць, кожны можа далучыцца да руху “Каліноўцы”, працаваць разам з намі і прапаноўваць свае ідэі, думкі і гэтак далей.

РР: Вы кажаце “працаваць разам з намі”. А чым займаецца рух “Каліноўцы”? Якія найбольш актуальныя рэчы на сёння?

– Трохі гісторыі. Рух быў створаны Дзянісам Прохаравым, пазыўны “Кіт”, разам з Вадзімам Кабанчуком.

РР: Яшчэ ва Украіне, так?

– Так, яшчэ ва Украіне. Афіцыйна рух зарэгістраваны ва Украіне. А нашы мэты наступныя:

Стратэгічная мэта — гэта аб’яднанне магчымасцяў рэсурсаў беларускіх ваенізаваных і грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятыў. Асноўнае пасля пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне — гэта дапамога Украіне, а потым вызваленне Беларусі. Гэта стратэгічная мэта, і мы пра гэта павінны памятаць.

Але ёсць і тактычныя мэты. Тактычная мэта для нас — умацаванне тэхнічнага і мабілізацыйнага забеспячэння палка Кастуся Каліноўскага за кошт аб’яднання магчымасцяў беларусаў, у асноўным, вядома, за мяжой, бо тым, хто знаходзіцца ў самой Беларусі, гэта небяспечна.

РР: Ведаю, што вы таксама шмат увагі надаеце каліноўцам, якія спынілі ўдзел у баявых дзеяннях і выехалі з Украіны, або былі параненыя і праходзяць лячэнне. Якая дапамога найперш патрэбная гэтым людзям?

– Так, гэта адна з задач — дапамога ў рэабілітацыі і падтрымцы ветэранаў. Гэта вельмі складаная справа, бо патрабуе вялікіх сродкаў. Пакуль наш рух існуе на ўласныя сродкі. Мы сваёй камандай працуем, але не толькі. Я, як кіраўнік і ўласнік аўташколы, магу сказаць, што нашы курсанты — беларусы, украінцы і не толькі — таксама дапамагаюць, падтрымліваюць полк, збіраюць грошы, мы набываем машыны, іншыя неабходныя рэчы для таго, каб нашы хлопцы маглі выконваць свае баявыя задачы.

Аднак, калі гаворка ідзе пра ветэранаў, пра тых, якія маюць раненні, або посттраўматычны сіндром, гэта патрабуе значна большых грошай. Напрыклад, нядаўна полк збіраў для параненых байцоў 500 тысяч грыўняў — сабралі хутка, дзякуй усім, хто дапамагаў. Але гэта павінна быць не разавая дапамога. Таму адна з задач нашага руху — каб падтрымка не была толькі прыватнай, але каб гэта была сістэмная праца з беларускай апазіцыяй. І па гэтым мы размаўляем з камандай Ціханоўскай, дапамагае Вадзім Кабанчук. Ідуць размовы, каб зрабіць сістэмную падтрымку, але пакуль усё складана. Ветэранам трэба дапамагаць, бо пакуль ты малады і здаровы і ідзеш на вайну — гэта адно. Калі ж ты вяртаешся псіхалагічна і фізічна паламаным, то ўжо мала людзей будзе пра цябе сапраўды клапаціцца — і пра гэта трэба памятаць. Гэта заўсёды балюча і небяспечна, але мы будзем дапамагаць, падтрымліваць сувязь і дапамагаць па меры магчымасцяў.

Наша праца вельмі адкрытая: мы нічога не хаваем, робім усё публічна. Хоць усё вельмі складана, шмат перашкод. Але будзем старацца, працаваць далей, развіваць рух “Каліноўцы”, і я вельмі веру, што ў нас усё атрымаецца.

РР: Дзяніс, вы ўжо казалі пра ветэранаў і параненых, але не хацелася б абмінуць яшчэ адну вельмі складаную і эмацыйна ўразлівую групу — сям’і загінулых. Разумею, што гэта таксама тое, чым вы хацелі б займацца?

Так, хацелася б, каб рух “Каліноўцы” мог дапамагаць і такім сем’ям. Гэта не заўсёды фінансавая дапамога — часта патрэбна менавіта псіхалагічная падтрымка, чалавечы кантакт, размова, увага. Ёсць і псіхолагі, якія гатовыя дапамагаць, у тым ліку і ўкраінскія спецыялісты, што жывуць у Польшчы: яны маюць аналагічны досвед працы з украінцамі. Таму цяпер актыўна развіваецца псіхалагічны накірунак працы з былымі байцамі і іхнымі сем’ямі. Таксама мы стараемся дапамагаць, калі будзе больш падтрымкі, змажам рабіць яшчэ больш. Гэта не заўсёды пра грошы — трэба аддаваць свой час і эмоцыі. Псіхалагічная падтрымка патрабуе шмат эмоцый і сіл, гэта складаная праца.

РР: Вы ўжо казалі, што наладжваеце кантакты з рознымі арганізацыямі ў Польшчы, з дэмакратычнымі беларускімі сіламі і польскімі дзяржаўнымі органамі. Ці плануеце выхадзіць на кантакты ў Бруселі, на ўзровень Еўрасаюзу, найперш для пошуку падтрымкі для дзейнасці руху?

– Буду асцярожны — не хачу тут выказваць гучныя лозунгі кшталту “мы прыйдзем у Брусель, і нам адразу дадуць дапамогу”. Да гэтага ўзроўню мы яшчэ, вядома, не дайшлі. Пакуль спрабуем наладзіць працу з уладамі Польшчы, арганізоўваем сустрэчы. Вельмі цяжка, бо людзі стаміліся, грамадства стамілася ад вайны, у тым ліку і палякі. Украінцы маюць патрэбу ў дапамозе, іх шмат, але і беларускае пытанне таксама важнае. Я ведаю, што палітыкі Польшчы памятаюць пра Беларусь — гэта стратэгічна важна, бо Беларусь заўсёды была і будзе суседам Польшчы, і гэта важны геапалітычны фактар. Але, як і казаў, сітуацыя складаная, мы спрабуем, наладжваем працу і не апускаем рукі, хоць пакуль значных вынікаў няма.

РР: Думаю, што дзейнасць руху “Каліноўцы” — гэта ўжо вынік, і ўсё, што вы цяпер робіце, таксама важна. Але каб падсумаваць вашы словы: якой дапамогі больш за ўсё цяпер патрабуеце?

Натуральна, што фінансавая падтрымка неабходная, а без яе працу весці цяжка. Другое — шмат арганізацыйных спраў, і беларусы, якія змагаюцца за жыццё ў Польшчы, часам не могуць дапамагчы з-за занятасці. Аднак ёсць і беларусы, якія маглі б далучыцца менавіта да арганізацыйнай працы: праграмісты, спецыялісты па дакументах і гэтак далей. Бо калі я як актывіст займаюся ўсёй асноўнай працай, то проста не хапае часу на дакументацыю, а трэба сумяшчаць гэта з бізнесам і асабістым жыццём.

Таму калі б былі валанцёры, якія маглі б дапамагаць з арганізацыяй, умеюць размаўляць па-англійску ці па-польску, што таксама вельмі важна — бо трэба ўдзельнічаць у сустрэчах, дапрацоўваць дакументы, — гэта было б вялікай падтрымкай. Можна сказаць, што, калі б да нас далучыліся людзі з афіцыйным, моўным, дыпламатычным досведам, гэта была б яшчэ больш істотная падтрымка, чым нават фінансавая.

РР: Такім чынам, сёння рух “Каліноўцы” — гэта грамадска-палітычная арганізацыя, якая, з аднаго боку, прадстаўляе інтарэсы палка Кастуся Каліноўскага ў публічнай прасторы, займаецца палітычнымі кантактамі, а з другога — вельмі важна, што вялікую ўвагу вы надаеце чалавечаму аспекту: працы з ветэранамі, дапамозе параненым і ветэранам увогуле — як фінансава, так і псіхалагічна.

– Так. І яшчэ адзін маленькі нюанс, які часта выклікае пытанні: чаму гэтым займаецца не сам полк? Адказ просты: людзі падпісалі кантракты, ваююць, выконваюць баявыя задачы, і павінны захоўваць вайсковую таямніцу. У іх няма ні часу, ні магчымасці займацца інфармацыйнай, палітычнай і грамадскай дзейнасцю — гэта проста немагчыма.

Менавіта таму мы бяром на сябе гэтую функцыю — дапамагаем з інфармацыяй, прадстаўляем актуальныя звесткі пра полк. Бо часта ўзнікаюць чуткі, розныя людзі і нават некаторыя журналісты, не разбіраючыся ў сітуацыі, распаўсюджваюць няпраўду. А сітуацыя ў палку, як заўсёды, складаная.

Полк — гэта вельмі дэмакратычная супольнасць. Не існуе такой украінскай  адзінкі як полк Каліноўскага, як асобнага ўкраінскага падраздзялення. Ёсць украінскія падраздзяленні, што ўдзельнічаюць у Міжнародным легіёне і змагаюцца за Украіну, а полк Каліноўскага — гэта асобная супольнасць добраахвотнікаў з агульнымі мэтамі, дзе служаць людзі з рознымі поглядамі: і анархісты, і «пазнякоўцы», і «ціханоўцы», і іншыя.

На фронце ўсе яны разам ваююць за агульную справу, падтрымліваюць адзін аднаго. А мы хочам, каб такі дух еднасці працягваўся і ў мірным жыцці.

РР: Дзякуй вам вялікі за гэтую размову. Застаецца пажадаць вам плённай працы. Просім усіх, хто мае жаданне і магчымасць, далучацца да гэтай дзейнасці, дапамагаць, і не толькі фінансава — бо як мы пачулі, для руху “Каліноўцы” патрэбна дапамога ў самых розных сферах, што ў выніку паслужыць агульнай мэце — вызваленню Беларусі.

– Дзякуй вялікі! Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Кантакт з рухам «Каліноўцы» ажыццяўляецца праз электронную пошту: [email protected]

Слухайце размову з Дзянісам Герасімчыкам у далучаным гукавым файле.

Дзяніс Герасімчык, каардынатар руху «Каліноўцы» ў Варшаве
Дзяніс Герасімчык, каардынатар руху «Каліноўцы» ў Варшаве
Дзяніс Герасімчык і Андрэй Турцэвіч

Размаўляла Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя