25 лютага адбыўся адзіны дзень галасавання на “выбарах” дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, абласныя і мясцовыя саветы.
Адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі Дзярждэп ЗША выступіў з заявай. У заявае сцвярджаецца, што выбары прайшлі ў атмасферы страху, у якой ні адзін выбарчы працэс нельга было назваць дэмакратычным. Дзярждэп нагадвае, што рэжым па-ранейшаму ўтрымлівае больш за 1400 палітычных зняволеных. Усе незалежныя палітычныя дзеячы альбо затрыманыя, альбо знаходзяцца ў выгнанні. Усім незалежным палітычным партыям было адмоўлена ў рэгістрацыі. Беларусы за мяжой маглі галасаваць толькі ў тым выпадку, калі яны вернуцца ў Менск, дзе яны, імаверна, зазналі б рэпрэсіі.
“Рэжым не дазволіў АБСЕ назіраць за выбарамі, што яшчэ больш абмежавала празрыстасць, якая неабходная для свабодных і справядлівых выбараў”, – гаворыцца ў заяве.
Злучаныя Штаты прызнаюць сілу, стойкасць і мужнасць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху Беларусі, якія патрабуюць голасу пры вызначэнні будучыні сваёй краіны, адзначаецца ў заяве. Злучаныя Штаты зноў заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зняволеных і пачаць дыялог са сваімі палітычнымі апанентамі. “Беларускі народ заслугоўвае лепшага”.
Крыніца: “Вясна”