BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзмітрыя Кучука не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты

Былога кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука, які ішоў у дэпутаты, нават не зарэгістравалі. Падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакументах.

«Скончылася мая выбарчая кампанія. На жаль, не ўдалося зарэгістраваць ініцыятыўную групу фармальнай падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакументах. Хачу падзякаваць тым людзям, хто быў побач са мной у гэты няпросты час для мяне гэтыя людзі героі. (…) Дзякуй усім, хто не губляе надзеі і мае ўласнае меркаванне прыходзячы на выбарчы ўчастак. Рабіць выбар пад ціскам заўсёды не проста, але без гэтага ніколі не будзе перамог», — напісаў Дзмітрый Кучук у сацсетках.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці 25 лютага 2024 года. Меркаванні дэмакрытычнай супольнасці наконт формы ўдзелу ў іх і падзяліліся.

Па стане на 23 снежня ў Менску 45 асобаў зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні сябе ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Скандальны дэпутат Алег Гайдукевіч, Дзмітрый Шаўцоў, пад кіраўніцтвам якога Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічаў у вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь, галоўны ідэолаг Лукашэнкі Вадзім Гігін, былы намеснік начальніка МУС Аляксандр Барсукоў, які за працу падчас пратэстаў у 2020 годзе патрапіў пад санкцыі ЕЗ, адыёзны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч, які пад чырвона-зялёным сцягам паказваў фак пратэстоўцам у 2020 годзе, спікерка Генпракуратуры Анжаліка Курчак, якая змагаецца з чайлдфры ў краіне, — гэта адныя з тых, хто прэтэндуе на дэпутацтва ад Менска.