У чацвер, 6 чэрвеня, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў на асобнай амерыкана-французскай цырымоніі для ўшанавання ролі ЗША ў высадцы саюзных войскаў у Нармандыі 80 гадоў таму. Амерыканскі лідар правёў у сваім выступе паралелі з Украінай. Пра гэта паведамляе The Guardian.

Байдэн заявіў, што цёмныя сілы, з якімі саюзнікі змагаліся 80 гадоў таму, не зніклі, а барацьба паміж дыктатурамі і свабодай яшчэ не скончана. Па словах прэзідэнта ЗША, Украіна застаецца яркім прыкладам гэтага, паколькі яе спрабуе захапіць тыран, аднак украінцы не адыходзяць. Таксама ён заявіў, што Еўропа зараз сутыкаецца з самай вялікай пагрозай з часоў Другой сусветнай вайны.
Візіт Джо Байдэна працягнецца чатыры дні, на памятных мерапрыемствах у Нармандыі ён будзе разам з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Рышы Сунакам, канцлерам ФРГ Олафам Шольцам. Расейскую дэлегацыю на святкаванне гадавіны высадкі саюзнікаў не запрасілі. Акрамя таго, у Нармандыі Байдэн сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Беларускае Радыё Рацыя