Каментуючы вызваленне больш 123 чалавек з беларускіх турмаў для Reuters, спецпасланнік прэзідэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл «аддаў належнае» Аляксандру Лукашэнку.
«Я думаю, што ён рухаецца наперад, ён хоча больш нармалізаваных адносінаў са Злучанымі Штатамі і Захадам. Таму мы рухаемся ў гэтым кірунку. І, ідучы гэтым шляхам, я думаю, што ён адкрыты і да большай нармалізацыі адносінаў з іншымі краінамі».

Джон Коўл пацвердзіў зняцце амерыканскіх санкцый адносна беларускіх калійных угнаенняў.
«Пасля месяцаў перамоваў агульная колькасць (вызваленых) дасягае каля 300 чалавек, і адным з важных момантаў была падтрымка, якую я атрымаў ад прэзідэнта Трампа і Рубіё. Дзяржаўны сакратар (Рубіё) цалкам падтрымліваў увесь гэты праект. Гэта дапамагае. Прэзідэнт Лукашэнка гэта бачыць. Іншыя таксама гэта бачаць. І гэта мае вялікае значэнне», — сказаў Джон Коўл.
Паводле беларускіх праваабаронцаў, у беларускіх турмах застаюцца больш за 1000 палітзняволеных. Каментуючы магчымыя наступныя вызваленні, Джон Коўл выказаў пажаданне, «каб гэта была адна вялікая група, але гэта трэба яшчэ ўзгадніць».
«Гэта лагістычная праблема — вывезці каля тысячы чалавек і даставіць іх туды, куды трэба. Я думаю, што гэта больш чым магчыма, я лічу, што гэта верагодна, але спатрэбіцца яшчэ крыху часу — магчыма, празь некалькі месяцаў гэта адбудзецца».
Паводле svaboda.org.






