Калі ў вас хтосьці спытае, чаму літоўцы за свае грошы мусяць утрымліваць персанальную ахову Святланы Ціханоўскай ды наагул данаціць беларускія праекты, раскажыце гэтым людзям пра ЕРАМ і Wargaming. Першая фірма пра праграмістаў, другая пра «гульню ў танчыкі». Яны другі год запар робяцца найбуйнейшымі інвестарамі літоўскай эканомікі. І ў дзядзькі Ёнаса з бензакалонкі пад Каўнасам ніхто апошні еўра не забірае.
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/01/image-49-53.jpg)
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/01/image-1-4-10.jpg)
Не сакрэт, што папулісты-палітыкі ёсць паўсюль. Розніца між краінамі ў тым, на які працэнт выбарцаў уплываюць папулісты. Людзі, якія не адказваюць за свае словы, і якія жывуць выключна ўласнай выгадай.
Чым бліжэй у Літве прэзідэнцкія выбары, тым часцей там разыгрываюць «беларускую карту». Прычым, часта ў вельмі дзівосных формах, калі лукашыстаў і незалежных беларусаў лепяць у адзін ком.
Хто там з простых літоўскіх абываталяў будзе разбірацца, на чыіх штандарах герб «Пагоня» сярод беларусаў. Можна заявіць, што любы беларус ёсць небяспекай.
Страх будучыні, пошук вінаватых, беларусафобія як громаадвод. Ведаю прыклад, калі заслужанаму ў беларускім незалежным грамадстве чалавеку адмовілі ў візе таму, што дваццаць гадоў таму ён у Менгарвыканкаме працаваў «кампутаршчыкам».
А камусьці анулююць від на жыхарства, бо ён быў афіцэрам беларускага войска.
Здавалася б, агучце ўвесь спіс крытэраў, па якіх вы адрозніваеце сяброўскіх, нейтральных і варожых беларусаў. Але ў Літве ідзе ўнутраная палітычная барацьба, таму ўсе сродкі добрыя, нават калі церпяць невінаватыя.
Беларусы замежжа таксама пакуль занятыя ўнутранымі справамі. Выбары ў Каардынацыйную Раду – своеасаблівы протапарламент – для беларусаў больш важныя, чым прэзідэнцкія для дзядзькі Ёнаса з-пад Каўнаса.
Ад выбараў прэзідэнта Літва не паменшыцца. А вось Каардынацыйная Рада можа шмат што пабольшыць. Напрыклад, беларускую незалежную ад Лукашэнкі суб’ектнасць.
Поспех праекту Каардынацыйнай Рады спародзіць персонаў, якія змогуць любога папуліста ў любой краіне свету выправіць у беларускім пытанні. Паказаць, што беларусы будзь то ў Літве, ці іншай краіне, найперш падаткаплатнікі, і людзі, якія паважаюць законы краіны прыбывання.
Таму вельмі важна, каб тая краіна сачыла за выкананнем сваіх законаў. Бо Еўропа як цывілізацыя – гэта Закон і ягонае выкананне. А сучасная Еўропа яшчэ і – роўнасць усіх перад законам, без сегрэгацыі па пашпарце.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя