BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Эфект гадавіны”

Для ўкраінцаў канец лютага – гэта час, калі супадаюць адразу некалькі трагічных дат: расстрэл Нябеснай сотні на Еўрамайдане ў цэнтры Кіева, пачатак расейскай агрэсіі ў 2014 годзе і поўнамаштабнае ўварванне ў 2022.

Здымак ілюстрацыйны

Чалавечы мозг здольны фіксаваць даты і зноў і зноў вяртацца да перажытага. Такі балючы маркер нагадвае пра першае адчуванне страху, пра першую рэакцыю на палохаючыя гукі за акном і пра стан поўнай бездапаможнасці перад невядомасцю.

Лютаўскія падзеі глыбока ўпісаныя ў асабістую памяць кожнага ўкраінца. Гэты сплаў трывожных думак, успамінаў і пачуццяў, што ўзнікае у гэты час і вяртае да тых дзён, псіхолагі называюць “эфектам гадавіны”. Натуральна, людзі перажываюць і ўспрымаюць гэта па-рознаму, аднак эмацыйнае напружанне адчуваюць усе: тыя, хто застаецца ва Украіне; тыя, хто выехаў і змагаецца з пачуццём віны перад тымі, хто застаўся і штодня «пражывае» вайну; тыя, хто страціў блізкіх. Хтосьці адчувае пакуты сумлення за радасць і права жыць далей – гэта як дазволіць сабе ўсмешку падчас жалобы.

Многія з маіх украінскіх сяброў у гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны гавораць пра адчуванне падвойнага часу. Разам з усведамленнем, што яны жывуць тут і цяпер, адначасова адчыняецца яшчэ адзін пласт рэальнасці: мінулае не мінула, яно наклалася на сучаснасць у гуках, пахах, рэакцыях цела. То бок траўматычная памяць, такім чынам, захоўвае не толькі факты, але і станы. Як бы ні праяўляўся “эфект гадавіны”, ёсць і іншы бок – даты фіксуюць не толькі момант траўмы, але і працяг жыцця пасля яе. Украінцы вытрымалі яшчэ адзін год рэальнасці. І хоць памяць вяртае ў люты 2022 года, цяпер – 2026. З досведам працяглага супраціву, умацавання арміі і міжнароднай падтрымкі. Выбар адзін – жыць.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя