У лютым у Беларусі павінен адбыцца так званы Адзіны дзень галасавання, дзе абяруць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Пазней маюць сфармаваць так званы Усебеларускі народны сход, які пасля змен у Канстытуцыю стаў канстытуцыйным органам.

Для Лукашэнкі, як заўважае палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман, гэта таксама год важных палітычных рашэнняў.
-Ён для Лукашэнкі ж асаблівы год – гэта 30-годдзе знаходжання ва ўладзе. Лукашэнку самому будзе ў гэтым годзе 70. Акрамя таго, трэба будзе прымаць рашэнне наконт будучыні, ці збіраецца ён яшчэ раз балатавацца на пасаду прэзідэнта. То бок, з сімвалічнага пункту гледжання, абсалютна асаблівы год, і мне падаецца, Лукашэнка гэта разумее.
Балатавацца на пасаду прэзідэнта Лукашэнка будзе, прагназуе беларускі апазіцыйны палітык Павел Латушка.

Чакаем толькі рашэння, што Лукашэнка зробіць з Усебеларускім сходам, які фактычна стане трэцяй палатай парламенту і нават можа ад улады адсунуць прэзідэнта. Ці яго таксама будзе ачольваць Аляксандр Лукашэнка?
-Ён значыцца адначасова будзе займаць і пасаду прэзідэнта. І вось прыбліжаюцца прэзідэнцкія выбары і ўзнікае пытанне: Лукашэнка будзе захоўваць дзве пасады, альбо ён пойдзе на транзіт? Я ўсё ж такі лічу, на жаль, ведаючы гэтага чалавека, ён уладу ніколі не захоча аддаць. Ён хутчэй за ўсё пойдзе на гэты другі тэрмін. Але можа быць варыянт, што ён аддасць пасаду прэзідэнта той асобе, якой ён можа давяраць. Каму ён можа давяраць? Толькі сям’і.
Як заўважае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, на транзіт улады Лукашэнку змушае Пуцін. Сярод варыянтаў – альбо сын Віктар Лукашэнка, альбо нейкі іншы прарасейскі палітык.
Беларускае Радыё Рацыя