BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ён сам”

Да сацапытанняў можна ставіцца па-рознаму: ад стрыманай даверлівасці, да сур’ёзных аргументаў супраць верагоднасці вынікаў; ад іроніі ў дачыненні да ангажаваных даследчых арганізацый, да поўнай адсутнасці цікавасці да падобных ініцыятыў. Але нельга адназначна адмаўляць таго, што менавіта дзякуючы ім становяцца зразумелымі настроі і тэндэнцыі ў грамадстве. Гуляць у дэмакратыю, дзе яе няма, часта дапамагаюць недзяржаўныя даследчыя цэнтры – дзеля пераканаўчасці і ілюзіі існавання дэмакратыі.

У РФ адзін з такіх цэнтраў правёў апытанне наконт падтрымкі расейцамі дзеянняў іх арміі ва Украіне. Паказчык на ўзроўні плюс-мінус 80% за чатыры гады поўнамаштабнай вайны не змяніўся. Ні эканамічныя праблемы, ні табу на тэму страт у вайне ўнутры краіны, ні ўдары Украіны ў адказ па расейскай тэрыторыі не паўплывалі на ўзровень падтрымкі. 

З’явіліся трывожнасць і страх сярод жыхароў прымежных рэгіёнаў, узмацнілася агрэсія да ўкраінцаў. Але не плюс-мінус 80%! Вядомая фармулёўка “гэта вайна выключна крамлёўскага фюрара”, якая нібыта здымае пытанне саўдзелу, даўно страціла свой сэнс.

Відавочна, што ініцыятыва, кіраванне і працяг вайны – справа аднаго чалавека. Але калі мільёны падтрымліваюць, данацяць, ідуць добраахвотнікамі, пішуць даносы на ўмоўнага суседа з антываеннымі поглядамі – хіба гэта не саўдзел?  Мілыя бабулі-“дзьмухаўцы”, якія яшчэ ўчора вязалі шкарпэткі сваім унукам, сёння плятуць маскіровачныя сеткі «нашым хлопчыкам». Школьнікі і студэнты-медыкі збіраюць дроны для забойства ўкраінцаў. І гэта ўжо не проста адказ “так” у нейкім сацыялагічным апытанні, а матэрыяльная дзейнасць. Урэшце, цары-правадыры ўласнымі рукамі не ваююць – як бы ні хацелася падкрэсліць іх персанальную ролю ў войнах.

Ліза Ахроменка