Канец лютага – пачатак сакавіка назаўсёды сталіся часам глабальных угодкаў. Гэта і расстрэл на Майдане 20 лютага, які цяпер лічаць пачаткам вайны, якую можна таксама адлічваць ад 28 лютага, калі Крым пачалі браць пад свой кантроль так званыя «зялёныя чалавечкі», іншымі словамі – расейскія вайсковыя без апазнавальных знакаў.
Вось ужо дзесяць гадоў як у нашым рэгіёне Еўропы людзі ведаюць словазлучэнне «гібрыдная вайна». Пра вайсковы аспект мы – цывільныя людзі – маем дастаткова павярхоўнае уяўленне. Бачым, што ўжо не рыюць акопы на сотні кіламетраў, і не сядзяць там пад дажджом і снегам, паміраючы ад элементарных хваробаў, як гэта было да ХХ ст уключна.
Бачым выкарыстанне дронаў, бачым як меншае па колькасці ўкраінскае войска выкарыстоўвае тактыку тысячы камарыных укусаў, калі ад вялікай непаваротлівай тушы крамлёўскіх акупантаў увесь час адрываюцца кавалкі, каб туша не магла засяродзіцца на чымсьці адным.
Я ўпэўнены, што пазней у падручніках гісторыі апішуць інавацыі ў тактыцы, стратэгіі і выкарыстанні новых тэхналогій.
Але пакуль мы бачым па аналогіі з вайной гібрыдную палітыку. Сутнасць якой можна звесці да пытання «ці пракідаць Захаду» Усходнюю Еўропу ў абліччы Украіны і Беларусі?
Гібрыднасць у тым, што вось тут мы на словах за Украіну, але не можам да канца сфармуляваць, пры якіх умовах можна лічыць што Украіна перамагла? Бо адначасова вельмі не хочацца, каб Расея прайграла.
І справа нават не ў страху ядзернай вайны. Бо Пентагон праз спікераў NATO даўно патлумачыў, што ядзерныя ракеты не паспеюць узляцець, так добра NATO кантралюе неба Зямлі.
Рэч у тысячах і тысячах нябачных эканоміка-палітычных сувязяў паміж людзьмі Захаду і афіляванымі з Расеяй.
Цяпер вельмі добра бачныя і аналогіі з 1920-м годам, калі Захад не дабіў бальшавікоў, бо ўбачыў новы аграмадны рынак збыту. Што пацвердзілася вельмі хутка. Большасць, калі не ўсе, заводы, пабудаваныя да Другой сусветнай, – гэта плён працы амерыканскіх ды еўрапейскіх кампаній.
Штосьці падобнае мы бачылі ў 1990-х, калі Захад сваімі рукамі адбудоўваў Расею, якая цяпер зноў пагражае ядзеранй зброяй як у часы Хрушчова ў СССР.
Неўзабаве будуць угодкі рэферэндуму па Крыме, будуць угодкі іншых драматычных і вызначальных падзеяў 2014-15 гадоў, якія камусьці тады падаваліся лакальнымі, хоць мелі каласальны ўплыў на будучыню.
У прынцыпе ўжо ў 2014 усім разам трэба было спыняць Крэмль, а не выказваць «глыбокую занепакоенасць».
А сёння мы ўжо на поўным сур’ёзе каментуем магчымасць правакацый Расеі супраць краін Балтыі і Польшчы.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя